Астраномы ўпершыню выявілі касмічнае сутыкненне ў іншай зорнай сістэме
- 19.12.2025, 12:35
Навукоўцы першапачаткова лічылі, што яны выявілі новую планету каля зоркі Фамальгаўт.
Астраномы сталі сведкамі ўражлівага відовішча вакол маладой зоркі Фамальгаўт. Высветлілася, што ўпершыню былі зафіксаваныя два сутыкненні паміж буйнымі аб’ектамі ў іншай зорнай сістэме.
Назіранне за падобнымі сутыкненнямі можа даць астраномам уяўленне пра ўмовы, у якіх сфарміраваліся Зямля і іншыя планеты 4,6 млрд гадоў таму. Даследаванне апублікавана ў часопісе Science, піша Space.
Зорка Фамальгаўт знаходзіцца на адлегласці 25 светлавых гадоў ад нас, і яе ўзрост ацэньваецца ў 440 млн гадоў. Гэта маладая зорка, вакол якой адбываецца фарміраванне планетнай сістэмы. Для параўнання, Сонца існуе ўжо 4,6 млрд гадоў.
Паводле ацэнак астранамаў, маладыя зорныя сістэмы, такія як Фамальгаўт, з’яўляюцца месцам магутных сутыкненняў, калі касмічныя камяні, астэроіды і буйныя планетэзімалі сутыкаюцца адзін з адным. Нярэдка такія сутыкненні прыводзяць да фарміравання планет і іх спадарожнікаў.
У 2008 годзе астраномы выявілі незразумелы яркі аб’ект каля зоркі Фамальгаўт. Першапачаткова яны дапусцілі, што гэта планета, названая Фамальгаўт. Але некалькі гадоў таму астраномы высветлілі, што гэта не планета, а воблака аскепкаў ад сутыкнення планетэзімаляў у іншай зорнай сістэме. Цяпер жа астраномы знайшлі ў даных касмічнага тэлескопа «Хабл» яшчэ адно такое ж сутыкненне і пакінутае пасля яго пыловае воблака. Такім чынам, астраномы ўпершыню атрымалі прамыя выявы падобных падзей, што адбываюцца ў іншай зорнай сістэме. Першае пыловае воблака атрымала назву «Фамальгаўт cs1», а другое — «Фамальгаўт cs2».
Паводле слоў навукоўцаў, яны сталі сведкамі двух сутыкненняў планетэзімаляў і ўтварэння пыловых воблакаў, якія пачалі адлюстроўваць святло зоркі. У пэўным сэнсе гэта магчымасць для навукоўцаў зазірнуць у мінулае Сонечнай сістэмы, калі больш за 4 млрд гадоў таму ў ёй фармаваліся планеты. Нешта падобнае адбываецца ў сістэме Фамальгаўт.
Хоць астраномы і не бачылі сутыкненне планетэзімаляў непасрэдна, яны ўсё ж зафіксавалі наступствы гэтых падзей.
Разлікі навукоўцаў паказалі, што ў двух сутыкненнях удзельнічалі касмічныя камяні прыкладна па 60 кіламетраў кожны. Гэта амаль у 4 разы больш за астэроід, які 66 млн гадоў таму ўпаў на Зямлю і знішчыў дыназаўраў.
Паводле ацэнак навукоўцаў, вакол зоркі Фамальгаўт існуе каля 300 мільёнаў аб’ектаў, падобных да тых, што выклікалі сутыкненні cs1 і cs2.
Аўтары даследавання кажуць, што сістэма Фамальгаўт з’яўляецца натуральнай лабараторыяй для вывучэння паводзінаў планетэзімаляў пры сутыкненнях, што, у сваю чаргу, дазваляе даведацца, з чаго яны складаюцца і як сфармаваліся.