Санкцыі абрушылі гандаль Беларусі з ЕС
3- 19.12.2025, 17:14
- 1,516
Беларускія пастаўкі ў ЕС мінімальныя.
Гандаль таварамі Беларусі з Еўразвязам абваліўся за дзевяць месяцаў 2025 года. Закупы Беларусі ў ЕС скараціліся ўдвая, а беларускія продажы ў ЕС — больш чым у 3,5 раза. «Белсат» даведаўся, што адбываецца ў гандлі з ЕС.
Беларускія пастаўкі ў ЕС мінімальныя
Паводле даных Еўрастата, продажы тавараў Беларусі ў Еўразвяз і так імкліва скарача́ліся пасля пачатку паўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны і санкцый супраць Расіі і Беларусі. Па выніках 2024 года экспарт Беларусі ў ЕС аказаўся ў 4,4 раза меншы, чым у 2021 годзе. За першыя дзевяць месяцаў 2025 года тое, што засталося, абвалілася канчаткова. Калі за студзень – верасень 2024 года Беларусь прадала ў ЕС тавараў на $1,14 млрд, то за той жа перыяд 2025 года — толькі на $323 млн.
Найбуйнейшымі пакупнікамі беларускіх тавараў сталі:
- Польшча (38%);
- Латвія (20%);
- Літва (15%);
- Германія (9%).
Менавіта за кошт скарачэння закупак гэтымі краінамі і скараціўся экспарт Беларусі ў ЕС, хоць і многія іншыя краіны таксама закупілі менш.
Пасля таго як беларускія ўгнаенні, драўніна, жалеза і сталь і іншае трапілі пад санкцыі ЕС у 2021-2022 гадах, найбольш буйнымі таварнымі пазіцыямі, якія Беларусь прадавала ў ЕС у апошнія гады, былі мэбля, жывёльныя або раслінныя тлушчы, алеі, воскі, а таксама пластмасы і вырабы з іх.
У чэрвені 2024 года беларуская мэбля трапіла пад чарговыя санкцыі ЕС. Таму, калі за дзевяць месяцаў мінулага года ўдалося прадаць у ЕС мэблі на $136 млн, то за той жа перыяд 2025 года — усяго толькі на $191 тысячу.
Цяпер найбольш буйныя пастаўкі ў ЕС — гэта жывёльныя і раслінныя тлушчы і алеі — €66,2 млн (супраць €93,7 млн у студзені – верасні 2024 года). Гэта прыблізна пятая частка ўсяго экспарту ў ЕС за справаздачны перыяд.
Іншыя тавары, якія і без таго пастаўляліся на невялікія сумы, у студзені – верасні экспартаваліся ў яшчэ больш сціплых аб'ёмах. Верагодна, таксама з-за санкцый ЕС ад чэрвеня 2024 года, бо яны забаранілі купляць у Беларусі мноства іншых тавараў, апроч мэблі, каб змяншаць прыток грошай у краіну.
Напрыклад, калі мыла, іншых сродкаў для паліроўкі і чысткі, свечак, некаторых відаў воскаў, іншых сродкаў для паліроўкі і чысткі за справаздачны перыяд 2024 года было прададзена на €35 млн, то за студзень – верасень 2025 года — толькі на €5,5 млн. Амаль такія ж лічбы і дынаміка ў пастаўках паперы, кардону і вырабаў з іх.
Лекі — першыя па імпарце, а тавары для прамысловасці пад забаронай
Паводле даных Еўрастата, продажы з ЕС у Беларусь падаюць крыху менш імкліва. Яны знізіліся з €5,75 млрд у студзені – верасні 2024 года да €2,92 млрд за той самы перыяд 2025 года. Пры гэтым з 2020 года закупы Беларусі ў ЕС не падалі, як продажы туды. Наадварот, сумы былі даволі значныя. Напрыклад, у 2020 годзе імпарт з ЕС склаў €6,21 млрд, а ў 2024 годзе — €6,78 млрд.
Найбольш у студзені – верасні 2025 года Беларусь закупляла ў:
- Польшчы (30%);
- Літве (16%);
- Германіі (14%);
- Італіі (7%).
У 2024 годзе Беларусь найбольш купляла ў Еўразвязе транспартныя сродкі, за выключэннем чыгуначнага транспарту, «ядзерныя рэактары, катлы, абсталяванне і механічныя прыстасаванні; іх часткі» і фармацэўтычную прадукцыю. З-за санкцый, якія былі ўведзены летам 2024 года і былі накіраваныя на тое, каб не садзейнічаць умацаванню беларускага прамысловага патэнцыялу, пакупкі першых двух груп тавараў праселі.
Цяпер на першым месцы фармацэўтычная прадукцыя. За дзевяць месяцаў Беларусь нават крыху павялічыла пакупкі: з €385 млн да €401 млн.
Транспартныя сродкі, за выключэннем чыгуначнага транспарту, цяпер на другім месцы — пастаўкі гэтай групы тавараў найбольш пацярпелі праз санкцыі. У студзені – верасні 2024 года Беларусь набыла іх на €1,7 млрд, а за той жа перыяд 2025 года — толькі на €323 млн.
Таксама праселі закупы тавараў з групы «ядзерныя рэактары, катлы, абсталяванне і механічныя прыстасаванні; іх часткі» — з €428 млн да €323 млн. З гэтай групы тавараў Беларусь звычайна купляла сельскагаспадарчую, бытавую тэхніку і тэхніку для лясной гаспадаркі.
Значна скараціліся і пастаўкі пластмас і вырабаў з іх: з €345 млн да €77 млн.
Амаль у 12 разоў упалі пастаўкі з Еўропы дубільных і фарбавальных рэчываў, лакаў, шпаклёвак: з €244 млн да €21 млн.
Санкцыі прывялі да зніжэння і па многіх іншых таварных групах.
Цяпер доля гандлю з ЕС істотна скарацілася адносна агульнага аб'ёму беларускага экспарту і імпарту. У студзені – верасні беларускі экспарт склаў $29 млрд 590 млн, то бок на ЕС прыпала каля 1,3%. Імпарт за тое ж час дасягнуў $34 млрд 156 млн. З іх доля ЕС склала каля 10%.
Да таго, як Беларусь пасварылася з заходнімі краінамі і стала саагрэсаркай у расійскай вайне, чыноўнікі імкнуліся гандляваць паводле наступнай формулы: траціна гандлю павінна прыпадаць на Расію, траціна — на заходнія краіны і траціна — на краіны далёкай дугі. Фактычна доля Расіі ўсё адно была вышэйшая за запланаваную, але заходнія краіны займалі нашмат больш значнае месца, а таксама другім па велічыні гандлёвым партнёрам была Украіна.