У РФ памёр кіраўнік брыгады «Эспаньола»
5- 19.12.2025, 19:13
- 5,172
У яе ўваходзілі футбольныя фанаты, што ваявалі на баку РФ супраць Украіны.
Брыгада «Эспаньола» паведамiла пра гібель свайго кіраўніка, «ваенкара» Станіслава Арлова (пазыўны «Іспанец»). Адпаведнае паведамленне апублікавана ў Telegram-канале вайсковай арганізацыі.
Як паведамілі саслужыўцы Арлова, цяпер праваахоўнікі ўстанаўліваюць дакладную прычыну і месца яго гібелі, пасля чаго будзе апублікаваная афіцыйная інфармацыя.
10 снежня расійскія СМІ паведамлялі, што ваенныя «блогеры» Станіслаў Арлоў і Аляксей Жывоў былі затрыманыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў за гандаль зброяй.
На наступны дзень Telegram-канал «Аперацыя Z: Ваенкары Рускай Вясны» са спасылкай на Эдгарда Запашнага напісаў, што кіраўнік атрада «Эспаньола» Арлоў загінуў. Пазней гэты пост быў выдалены ў абодвух крыніцах.
Брыгада «Эспаньола» была сфармаваная пераважна з футбольных фанатаў, некаторыя яе байцы адкрыта прытрымліваюцца неанацысцкіх поглядаў. На пачатку кастрычніка брыгада «Эспаньола» абвясціла пра расфармаванне.