Шэдэўр Рубенса пайшоў з малатка ў Версалі
5- 2.12.2025, 3:59
- 5,446
Карціну лічылі страчанай амаль 400 гадоў.
Карціну Пітара Паўля Рубенса «Хрыстос на крыжы», якую лічылі страчанай амаль 400 гадоў, прадалі за €2,3 млн, піша Associated Press.
Таргі прайшлі ў перапоўненай зале аўкцыённага дома Osenat у Версалі.
Стартовая цана складала €500 тыс., у той час як эстымейт (ацэначны кошт) — €1–2 млн. Імя новага ўладальніка пакуль трымаюць у таямніцы.
Палатно знайшлі выпадкова ў парыжскім асабняку ў 2024 годзе падчас інвентарызацыі.
Эксперты старанна вывучылі карціну: правялі рэнтгенаграфію, даследавалі пігменты і падцвердзілі аўтэнтычнасць твора.
Аналіз паказаў, што Рубенс зрабіў некалькі накідаў і змяняў становішча цела Хрыста. Пігменты на ўчастках скуры ўключаюць белы, чырвоны, чорны, а таксама азурыт і малахіт — тыповыя для фламандскага майстра.
Рубенс напісаў карціну ў 1613 годзе для прыватнага калекцыянера. На вертыкальным палатне памерам 105,5×72,5 см намаляваны ўкрыжаваны Хрыстос на фоне змрочнага неба, а на заднім плане віднеецца Ерусалім.
Раней карціна была вядомая толькі па гравюрах і належала французскаму мастаку XIX стагоддзя Вільяму Адольфу Бугро, а потым — уладальнікам асабняка ў Парыжы.