5 снежня 2025, Пятніца, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ISW: Расія рыхтуецца адхіліць мірны план і хоча ўтаіць падрабязнасці сустрэчы Уіткофа і Пуціна

2
ISW: Расія рыхтуецца адхіліць мірны план і хоча ўтаіць падрабязнасці сустрэчы Уіткофа і Пуціна

Аналітыкі звярнулі ўвагу на заяву спікера Крэмля Пяскова.

Крэмль рыхтуе глебу, каб пакінуць за кулісамі і па-за публічнай дыскусіяй вынікі новага раўнду расійска-амерыканскіх кантактаў 2 снежня — сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Стыва Уіткофа у Маскве. Верагодна, мэтай РФ з’яўляецца спроба схаваць той факт, што Расія, хутчэй за ўсё, адхіліць мірную прапанову, над якой працавалі ЗША і Украіна, мяркуе Інстытут вывучэння вайны.

Аналітыкі ISW звярнулі ўвагу на заяву спікера Крэмля Дзмітрыя Пяскова, які сказаў, што Расія не мае намеру весці перамовы «у рэжыме мегафона» або «праз СМІ» — каментуючы пытанне пра пункты версіі мірнага плана, распрацаванага ЗША і Украінай. Паводле слоў Пяскова, Крэмль апублікуе відэазапіс пачатку сустрэчы Пуціна і Уіткофа 2 снежня, аднак пра якія-небудзь публічныя заявы пасля яе «яшчэ рана казаць», адзначыў прадстаўнік Крэмля.

Акрамя таго, першы намеснік старшыні камітэта па міжнародных справах Дзяржаўнай думы Расіі Аляксей Чэпа заявіў 1 снежня, што ў Маскве хацелі б, каб дэлегацыя ЗША «пацвердзіла прынцыповасць пазіцый», якіх ЗША і Расія нібыта дасягнулі падчас саміту на Алясцы ў жніўні 2025 года — хаця пра ніякія публічныя дамоўленасці тады гаворкі не ішло, як нагадваў ISW.

У кантэксце гэтай рыторыкі расійскіх высокапастаўленых чыноўнікаў ISW таксама прыводзіць словы намесніка кіраўніка камітэта Дзярждумы па пытаннях абароны Аляксея Журавлёва. 1 снежня ён заявіў, маўляў, «дамовіцца правільна трэба паміж Расіяй і ЗША, а далей паставіць перад фактам і Еўропу, і Украіну — і нікуды яны не дзенуцца: сядуць за стол і падпішуць усё, што мы скажам».

Як нагадвае ISW, крэмлёўскія чыноўнікі і расійскія «ваенныя карэспандэнты» паслядоўна адкідваюць і першапачатковы 28-пунктавы мірны план, і яго наступныя абноўленыя версіі з моманту першых паведамленняў пра гэты план у сярэдзіне лістапада 2025 года. У Маскве даюць зразумець, што гэтыя планы не ўлічваюць усе максімалісцкія ваенныя патрабаванні Расіі. У той жа час Крэмль выкарыстоўвае адсутнасць яснасці адносна саміту на Алясцы, каб засланіць той факт, што менавіта Масква, а не Кіеў, перашкаджае працэсу перамоваў, трымаючыся сваіх першапачатковых ваенных патрабаванняў.

Спецыялісты Інстытута вывучэння вайны прагназуюць, што Крэмль, верагодна, паспрабуе паўтарыць гэты падыход і ў дачыненні да маючай адбыцца сустрэчы Уіткофа і Пуціна 2 снежня. Бо Масква ўжо цяпер рыхтуе ўмовы, каб схаваць падрабязнасці перамоваў ад грамадскасці — верагодна таму, што Расія адхіліць умовы плана. Таму Крэмль, імаверна, імкнецца пазбегнуць таго, каб Расію ўспрымалі як перашкоду для спынення вайны супраць Украіны, асабліва калі Масква наўпрост адхіліць мірнае пагадненне, адзначаюць у ISW. Там таксама нагадваюць, што Расія раней ужо адхіліла некалькі прапанаваных ЗША дамоўленасцяў аб спыненні агню, на якія папярэдне пагадзілася Украіна.

Сустрэча расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і Стыва Уіткофа, спецыяльнага пасланца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, адбудзецца ў аўторак, 2 снежня. Паводле слоў Дзмітрыя Пяскова, Пуцін і Уіткоф сустрэнуцца ў другой палове дня.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках