Кіраўнік OpenAI абвясціў «чырвоную трывогу»
11- 2.12.2025, 16:26
- 9,508
У чым прычына?
Кіраўнік OpenAI Сэм Альтман паведаміў супрацоўнікам, што абвяшчае «Код «Чырвоны» і заклікае сканцэнтраваць усе рэсурсы на тэрміновым паляпшэнні функцыянальнасці чат-бота ChatGPT. Пра гэта піша The Information са спасылкай на ўнутраныя распараджэнні.
З-за гэтага запаволяцца тэмпы распрацоўкі іншых праектаў, у прыватнасці, ШІ-агентаў і рэкламных механізмаў. Таксама Альтман абвясціў, што адным з ключавых напрамкаў OpenAI цяпер стане паляпшэнне мадэляў для стварэння выяў, дзе кампанія моцна адстае ад канкурэнтаў.
Паводле звестак выдання, яшчэ раней Альтман папярэджваў супрацоўнікаў, што Google можа стварыць для OpenAI «часовыя эканамічныя цяжкасці». Гэтыя асцярогі ўзмацніліся пасля выхаду ШІ-мадэлі Gemini 3 Pro, якая апярэдзіла GPT-5.1 практычна ва ўсіх тэстах.
Сітуацыя ўскладнілася і карыстальніцкай дынамікай: аўдыторыя чат-ботаў часцей карыстаецца Gemini, чым ChatGPT, хаця OpenAI пакуль што ўтрымлівае лідарства па агульнай колькасці карыстальнікаў.
Інвестары таксама пачалі хвалявацца, назіраючы, як OpenAI страчвае ў тры разы больш грошай, чым зарабляе. За першую палову 2025 года кампанія зарабіла 4,3 млрд долараў, але пры гэтым страціла 13,5 мільярдаў.