Трэнер Сабаленкі растлумачыў яе эмацыйныя зрывы
7- 20.12.2025, 9:49
- 2,224
Сама тэнісістка называе сябе «істэрычкай».
Антон Дуброў і Джэйсан Стэйсі, трэнеры беларускай тэнісісткі Арыны Сабаленкі, растлумачылі асаблівасці яе характару, у чым ментальная сіла першай ракеткі свету і што стаіць за яе эмацыйнымі ўсплёскамі.
Напярэдадні новага сезона-2026, да пачатку якога засталося два тыдні, Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) пагаварыла з трэнерамі Арыны, каб тыя растлумачылі, дзякуючы чаму яна ўжо 60 тыдняў запар (10-ы вынік у гісторыі на канец 2025-га) застаецца на вяршыні рэйтынгу. Прыйшлі да высновы: справа ва ўпартай і напружанай працы. Але за гэтай банальнай высновай крыецца куды больш цікавая гісторыя.
Трэнер Арыны Антон Дуброў як ніхто іншы добра ведае, чаго чакаць ад Сабаленкі, калі гульня не ідзе. Падчас матчу ён стоіка пераносіць яе эмацыйныя выбухі, але потым яны гэта абмяркоўваюць:
- Проста шчырыя размовы. Тое, чаго вы хочаце, знаходзіцца тут, — ён працягнуў правую руку. — А тое, што вы перажылі толькі што, знаходзіцца тут, — і Антон паказаў на левую руку. — Паміж імі ёсць разрыў, і мы спрабуем над гэтым працаваць. Яна спрабуе над гэтым працаваць. Яна шчырая ў гэтым пытанні. Мне гэта падабаецца.
Дуброў адзначыў, што такія асаблівасці яе характару, з гэтым нічога не зробіш:
- Нават пасля Парыжа яна адкрыта пра гэта казала: маўляў, я была не права, гэта мая памылка. Мы ўсе людзі. Што далей? Не ўсе такія, як Роджэр Федэрэр, заўсёды ідэальныя.
Антону даводзіцца мірыцца з асаблівасцямі выбуховага характару Арыны Сабаленкі, якая, што б яна ні казала пра тое, што пачала кантраляваць свае эмоцыі, усё ж такі мае патрэбу ў іх выплеску падчас матчу. І дастаецца найперш трэнеру. Калі яна будзе падаўляць у сабе сваю эмацыйнасць, то разбурыць і сваю асобу, і сваю гульню.
- Насамрэч мы добра сышліся. Я істэрычка. Ён маўчыць, цярпіць. Цудоўна. Тое, што трэба кожнай дзяўчыне-тэнісістцы. На корце ён паводзіць сябе як прафесіянал, — казала Арына пра Антона.