Цана расійскай нафты абвалілася ніжэй за $35 за барэль
5- 20.12.2025, 10:17
- 4,344
Бюджэт РФ губляе мільярды.
Цэны на расійскую нафту працягваюць імкліва падаць пад ціскам амерыканскіх санкцый, якія парушылі наладжаныя патокі экспарту сыравіны ў Індыю і Кітай, піша The Moscow Times.
Цана гатунку Urals з адгрузкай з порта Наварасійска апусцілася да $34,52 за барэль, што ўдвая ніжэй за ўзровень пачатку года.
У порце Прыморск на Балтыйскім моры асноўную экспартную марку расійскіх нафтавікоў прадавалі па $36,07 за барэль. Зніжкі на Urals дасягнулі $23–25 за барэль у Наварасійску і $24 у балтыйскіх партах, вынікае з даных Argus.
Асобныя партыі Urals, якія Расія спрабуе прадаць у Кітай, сыходзяць з дысконтам да $35 за бочку, расказвалі крыніцы Reuters. Гэта азначае цану ніжэй за $30 — рэкордна нізкую з часоў пандэміі. Расійскія нафтавыя кампаніі вымушаныя зніжаць цэны, каб прадаць партыі, ад якіх пачалі адмаўляцца індыйскія НПЗ, тлумачаць суразмоўцы агенцтва.
Расійская нафта прадаецца на 30%, а ў асобных выпадках — на 50% танней за гатунак Brent, адзначае Яніс Клюге, навуковы супрацоўнік Германскага інстытута праблем міжнароднай бяспекі. У выніку: расійскі бюджэт «штомесяц губляе мільярды долараў з-за санкцый», канстатуе ён. У лістападзе, паводле даных Мінфіна, нафтагазавыя паступленні ў казну абваліліся на 34% у гадавым выражэнні, назапашаным вынікам за 11 месяцаў — на 21%. А ў снежні, паводле разлікаў Reuters, зборы падаткаў ад нафты і газу могуць стаць найніжэйшымі з жніўня 2020 года — 410 млрд рублёў, што на 49% менш, чым у снежні 2024-га.
Першапачаткова бюджэт-2025 Мінфін складаў з разліку, што нафта будзе каштаваць $69, плануючы сабраць 10,94 трлн рублёў падаткаў з нафтагазавых кампаній.
У сярэдзіне года план панізілі амаль на чвэрць, да 8,65 трлн рублёў, а прагназуемую цану нафты — да $58. Па факце бюджэт можа недабраць каля 300 млрд рублёў нават у параўнанні з ужо пагоршаным планам, ацэньваюць аналітыкі Газпрамбанка.
Агульны дэфіцыт бюджэтнай сістэмы РФ, уключаючы федбюджэт, бюджэты рэгіёнаў, Сацыяльнага фонду і фонду АМС, можа дасягнуць сёлета 8 трлн рублёў, або 4% ВУП, і гэта будзе максімум з 2020 года, прагназуе эканаміст Віктар Тунеў.