Разведка ЗША лічыць, што Пуцін хоча захапіць краіны Балтыі
9- 20.12.2025, 12:36
- 4,348
І цалкам падпарадкаваць сабе Украіну.
Амерыканская разведка прыйшла да высновы, што Пуцін мае намер аднавіць кантроль Масквы не толькі над усёй тэрыторыяй Украіны, але і над іншымі былымі рэспублікамі Савецкага Саюза. Аб гэтым 19 снежня паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на шэсць крыніц, знаёмых з разведвальнымі матэрыяламі ЗША.
Як адзначае выданне, апошнія ацэнкі разведвальнай супольнасці істотна разыходзяцца з публічнымі заявамі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і яго атачэння, якія сцвярджаюць, што Пуцін нібыта зацікаўлены ў мірным урэгуляванні.
Адзін з суразмоўцаў Reuters распавёў, што самы свежы даклад, падрыхтаваны напрыканцы верасня, па сутнасці не адрозніваецца ад папярэдніх ацэнак, зробленых з пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Дакумент пацвярджае высновы еўрапейскіх спецслужбаў пра тое, што Крэмль імкнецца ўсталяваць кантроль над усёй Украінай, а таксама над тэрыторыямі іншых былых савецкіх рэспублік, уключаючы дзяржавы — сябры НАТА.
«Разведвальныя даныя заўсёды паказвалі на тое, што Пуцін нацэлены на большае. У гэтым упэўнены еўрапейцы. Палякі абсалютна ўпэўнены. Краіны Балтыі лічаць сябе першымі ў чарзе на магчымае расійскае ўварванне», — заявіў кангрэсмен-дэмакрат Майк Квіглі.
Пры гэтым Reuters падкрэслівае, што пакуль незразумела, як менавіта ў Белым доме ацэньваюць падобныя планы Крамля. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа на прэс-канферэнцыі часткова прызнаў сур'ёзнасць гэтых пагроз:
«Я не ведаю, ці імкнецца Пуцін да пагаднення або да захопу ўсёй краіны. Мы ведаем, якія мэты Расія ставіла на пачатку вайны, і яны так і не былі дасягнутыя», — адзначыў Рубіа.