Лукашыстцы Петкевіч патрэбны Кашпіроўскі?
13- Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»
- 20.12.2025, 17:08
- 7,798
Чыноўніца мроіць пра «25-ы кадр».
Падаецца, што пытанні дэмаграфіі сур'ёзна занепакоілі чыноўнікаў. Але тое, якія прапановы па павышэнні нараджальнасці гучаць з высокіх кабінетаў, выклікае, мякка кажучы, здзіўленне.
Так, віцэ-прэм'ер па сацыяльных пытаннях Наталля Петкевіч заявіла пра «распрацаваныя дзяржпраграмы з рэвалюцыйнымі мерамі», якія нібыта «стымулююць нараджальнасць, мадэрнізуюць падтрымку жанчын і сем'яў з дзецьмі».
І тут жа выступіла з неардынарнай ініцыятывай:
«Акрамя матэрыяльных мер важная і атмасфера. У дзяцінстве мадэль паводзін фармуецца гульнёй: адна лялька — адно дзіця, дзве — двое. Дзіця, народжанае ў шматдзетнай сям'і, бачыць вясёлую, дружную карціну. Гэта 25-ы кадр, якому не надаюць увагі, але ён важны.
На білбордах, у рэкламе мы бачым маму і тату з адным-двума дзецьмі або больш. Трэба фарміраваць культуру: шматдзетная сям'я (2–3 і больш дзяцей) — гэта добра, правільна, заахвочваецца. Гэта дае будучыню сям'і і краіне. Гэта маральна-этычны аспект».
Так-так, вам не падалося — 25-ы кадр. Застаецца запрасіць Кашпіроўскага на пасаду кіраўніка Мінздароўя.
А далей віцэ-прэм'ер расказала пра важнасць стварэння ўмоў, каб беларускі не баяліся нараджаць. Прагучала даволі крамольна, судзіце самі. На думку Петкевіч, жанчына «не павінна выпадаць з працоўнай сістэмы — пасля дэкрэту бясшвоўна можа вярнуцца на месца працы»:
«Патрэбныя годныя ўмовы ў дэкрэце, плыўны пераход, магчымасць сумяшчаць працу і сям'ю. Жанчына павінна мець месца ў дзіцячым садку або дапамогу з дзіцем, каб выйсці на працу раней. Патрэбныя ўмовы для адукацыі дзяцей, якасная ахова здароўя».
Дык што атрымліваецца? За трыццаць з лішнім гадоў кіравання Лукашэнкі ў краіне так і не створаны ні ўмовы для адукацыі, ні якасная ахова здароўя? Ні годныя ўмовы ў дэкрэце для маладых мам? Калі так, то надзея на 25-ы кадр выглядае даволі рацыянальна.
Калі сур'ёзна, то ад сябе не можам не дадаць спіс фактараў страху для патэнцыйных маладых бацькоў, якія, на жаль, сталі новай рэальнасцю ў Беларусі.
Гэта і фактычны саўдзел у захопніцкай вайне, што пагражае нам прамым удзелам.
Гэта і мілітарызацыя грамадскай свядомасці, што цягнецца не першы год. У тым ліку закранае сістэму выхавання і адукацыі.
Фактычна тыя ж людзі, якія ратуюць за павышэнне нараджальнасці, прынамсі, не супраць таго, што з цяперашняга пакалення юных беларусаў гатуюць пушачнае мяса для чужых войнаў.
Не кажучы ўжо пра агульную атмасферу ў краіне, калі за неасцярожны лайк можна знікнуць на некалькі гадоў у пекле калоніі.
Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»