20 снежня 2025, Субота, 23:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што насамрэч будуюць на былой ракетнай базе пад Слуцкам па сакрэтным распараджэнні Лукашэнкі

3
Што насамрэч будуюць на былой ракетнай базе пад Слуцкам па сакрэтным распараджэнні Лукашэнкі
Фота: svaboda.org

Нервавая рэакцыя дыкатара пацвярджае стратэгічную значнасць аб’екта.

У Слуцкім раёне Мінскай вобласці на месцы былой савецкай ракетнай базы ўжо амаль паўтара года вядзецца будаўніцтва маштабнага закрытага комплексу, які ў афіцыйных дакументах не мае ні назвы, ні пазначанага прызначэння. Праект рэалізуецца на падставе сакрэтнага распараджэння Аляксандра Лукашэнкі, а маштабы і інфраструктура робяць яго адной з найбуйнейшых ваенных будоўляў у Беларусі, перадае «Радыё Свабода».

19 снежня падчас Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка публічна адрэагаваў на расследаванне выдання, падрыхтаванае ў верасні 2025 года ў супрацоўніцтве з украінскім праектам «Схемы» і эстонскімі выданнямі Delfi Estonia і Eesti Ekspress. У матэрыяле ўдалося раскрыць пачатковую стадыю будаўніцтва невядомага сакрэтнага вайсковага аб’екта ў Слуцкім раёне каля вёскі Паўлаўка і аграгарадка Вежы — на месцы былога савецкага вайсковага гарадка 306-га ракетнага палка стратэгічнага прызначэння.

На падставе аналізу спадарожнікавых здымкаў апытаныя ваенныя эксперты тады выказалі версію, што новы аб’ект мае важнае значэнне для ўладаў Беларусі і нават можа быць прыдатны для размяшчэння расійскага ракетнага комплексу «Арэшнік», аднак падкрэслілі, што дакладнае канчатковае прызначэнне аб’екта пакуль вызначыць немагчыма.

Лукашэнка, выступаючы на УНС, гаварыў менавіта пра гэты аб’ект — ён заявіў, што інфармацыя пра размяшчэнне «Арэшніка» ў Слуцкім раёне не адпавядае рэчаіснасці:

— Сёння прачытаў, што ачамелыя нашы там за мяжой заявілі, што дзесьці ў раёне Слуцка мы размясцілі «Арэшнік». Не хачу казаць дзе і не скажу, але гэта поўная хлусня. Ні ў якім Слуцку мы «Арэшнік» не размяшчалі. Размясцілі там, дзе больш выгадна, але я пра гэта гаварыць не буду, — сказаў ён.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не ўдакладніў, якое менавіта прызначэнне мае знойдзены журналістамі аб’ект, які, аднак, можа прэтэндаваць на званне найбуйнейшай ваеннай будоўлі ў Беларусі.

Аб’ект «Участак»

«Радыё Свабода» атрымала дакументы, на падставе якіх можна сцвярджаць, што будаўніцтва ў Слуцкім раёне пачата па сакрэтным распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі ад 2 лістапада 2023 года № 181 рп-с (дадатковая літара «с» можа азначаць менавіта сакрэтны фармат распараджэння). Выкананне работ пры гэтым прадпісана весці без афармлення земельна-кадастравай дакументацыі і дадатковых узгадненняў аб выдзяленні зямельных участкаў сельскагаспадарчага прызначэння, а таксама земляў з ліку ляснога фонду.

Выданне мае сведчанні мясцовых жыхароў і людзей, якія працавалі на будоўлі. Яны апісваюць аб’ект як строга закрыты і маштабны.

«Быў я на будоўлі і размаўляў з людзьмі. Пра тое, што там будуецца, ніхто не даведаецца, пакуль не завершацца працы», — кажа адзін з будаўнікоў.

Мясцовы жыхар дадае: «Жыву побач, і будуюць яны гэта ўсё вельмі актыўна».

Пры гэтым некаторыя суразмоўцы выказваюць і ўласныя здагадкі.

«Сёння размаўляў з сэрвіснай службай па кранах: у тым раёне мусіць будавацца завод па вытворчасці дронаў. Там шмат кранаў, працы шмат», — кажа адзін з іх, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра неафіцыйную інфармацыю.

Яшчэ адзін суразмоўца апісвае маштаб будоўлі так: «Я на адным будынку налічыў 18 кранаў. І гэта толькі на адным».

Фото: svaboda.org

Як раней пісала «Радыё Свабода», месца, дзе ідзе будоўля, мае вайсковую гісторыю. Менавіта ў гэтых лясах з канца 1959 да 1993 года знаходзіўся вайсковы гарадок слуцкага 306-га ракетнага палка стратэгічнага прызначэння. Ракеты, што знаходзіліся тут у савецкі час, уяўлялі пагрозу спачатку ўсёй Еўропе, а пазней і ЗША. Пасля распаду СССР аб’ект прыйшоў у заняпад, але тут яшчэ заставаліся некаторыя фартыфікацыі, стартовыя пляцоўкі ракет, шахты, бункеры, ангары і іншыя ваенныя збудаванні.

Прыкладна з вясны 2024 года тэрыторыю былой вайсковай базы пачалі «асвойваць» па-новаму. Спачатку сюды прыехалі сапёры супрацьміннага цэнтра Узброеных сіл для расчысткі тэрыторыі ад снарадаў. Працы працягваліся амаль усю вясну і завяршыліся толькі 7 чэрвеня 2024 года.

З 16 чэрвеня 2024 года на спадарожнікавых здымках бачна, што пачалася расчыстка тэрыторыі ад лесу і земляныя працы. У снежні 2024 года — падвядзенне і рэканструкцыя ў акрузе электрычных камунікацый з будаўніцтвам новых падстанцый.

У праектнай дакументацыі не раскрываюцца ні афіцыйная назва аб’екта, ні яго прызначэнне або канчатковы карыстальнік. Часцей за ўсё гэта месца абазначаецца як «Будаўнічы аб’ект „Участак“» або проста пазначана «аб’ект паблізу аграгарадка Вежы» — бліжэйшага населенага пункта.

«Будаўнічым аб’ектам „Участак“» называлі яго і ў дакументах Слуцкага выканаўчага камітэта, калі летам 2025 года туды выязджала камісія па ахове працы з-за выпадку са смерцю рабочага ад падзення пад’ёмнага крана. Якраз на 2025 год прыйшоўся самы актыўны перыяд будаўніцтва. За гэты час плошча забудовы склала больш за 2 квадратныя кіламетры — каля 280 футбольных палёў.

На спадарожнікавых здымках сэрвісу Planet Labs за 2025 год бачна, што аб’ект будаўніцтва мае чатыры асобныя часткі — асноўную і тры амаль роўныя па плошчы паміж сабой. Усе яны злучаюцца новымі дарогамі.

У заходняй частцы аб’екта вырублена больш за адзін квадратны кіламетр лесу і ўзведзена 13 складаў баепрыпасаў памерам 30 на 20 метраў, акружаных абарончымі сценамі.

На спадарожнікавым здымку 18 снежня 2025 года бачна, што тут таксама пабудаваныя тры ангары даўжынёй 100 метраў, закладзены фундаменты розных будынкаў, адзін з іх у форме літары «П» даўжынёй амаль 270 метраў, а таксама 6 невялікіх ангараў, прыкрытых абарончымі землянымі насыпамі. Усе гэтыя пабудовы злучае сетка аўтамабільных дарог, на большасці з якіх ужо пакладзены асфальт.

Фото: svaboda.org

Паўночны ўчастак будаўніцтва каля вёскі Паўлаўка размешчаны на землях, якія яшчэ летась выкарыстоўваліся ў сельскай гаспадарцы. У снежні 2025 года тут бачна 8 каркасаў будынкаў, падобных на ангары, разам з абарончымі землянымі валамі.

Фото: svaboda.org

Паўднёва-ўсходні ўчастак будаўніцтва паказвае каркас будынка даўжынёй амаль 150 метраў, каля 8 невялікіх збудаванняў, абароненых землянымі насыпамі. На дарогах, што вядуць унутр участка, узводзяцца будынкі, падобныя на кантрольна-прапускныя пункты.

Фото: svaboda.org

З дакументаў, атрыманых выданнем, вынікае, што для вайсковага аб’екта будуецца ўласная сістэма водазабеспячэння з трыма артэзіянскімі свідравінамі. Закупляецца абсталяванне для падачы, захоўвання і ачысткі вады, у тым ліку рэзервуары чыстай вады і матэрыялы для абезжалезвання. Паводле апісанняў вытворцаў, такое абсталяванне выкарыстоўваецца на буйных прамысловых аб’ектах з пастаяннай патрэбай у вадзе.

Будаўніцтва ваеннай вытворчасці пад гарантыі Савета Міністраў

Пра тое, што на тэрыторыі плануецца арганізаваць ваенную вытворчасць, можа сведчыць наяўнасць у апісанні дзяржаўных тэндэраў такіх аб’ектаў, як «вытворчы будынак з адміністрацыйна-бытавым комплексам 1.1», «вытворчы будынак 2.1», «склад А2.3-А2.4, К2.1-К2.2», «склад сыравіны і камплектуючых А1.9-А1.14». Таксама запланавана будаўніцтва «маналітных збудаванняў грамадзянскай абароны № 3», асобнага пажарнага дэпо, сталовай і катэльні. Для аднаго з вытворчых карпусоў патрабуецца ўладкаванне «прамысловай падлогі» на плошчы амаль 1,2 тысячы квадратных метраў.

Работы на аб’екце вядуць адразу некалькі будаўнічых арганізацый, сярод іх — «Стройтрест № 3» з Салігорска. На снежань 2025 года на сайце дзяржаўных тэндэраў яны замовілі два аўтобусы для перавозкі 105 работнікаў па маршруце «Салігорск — аграгарадок Вежы (аб’ект „Участак“)», таксама ўказалі на неабходнасць вялікай колькасці субпадрадчыкаў.

Работы на аб’екце суправаджаюцца ўзмоцненым рэжымам канфідэнцыяльнасці. Паводле дакументаў «Стройтреста № 3», уся тэхнічная і конкурсная дакументацыя для патэнцыйных субпадрадчыкаў перадаецца толькі пасля падпісання асобнага пагаднення аб неразгалошванні. Матэрыялы выдаюцца не ў адкрытым выглядзе, а на электронным носьбіце, які падлягае абавязковай рэгістрацыі ў службе бяспекі прадпрыемства. Без падпісанага пагаднення аб канфідэнцыяльнасці ўдзельнікі не маюць доступу ні да ўмоваў, ні да праектных матэрыялаў. Пры гэтым ухваленне субпадрадных арганізацый адбываецца пры ўдзеле «спецыяліста па экстрэмальнай і эканамічнай бяспецы» «Стройтреста № 3» Аляксея Капачэні, што зафіксавана ў унутраных распараджэннях прадпрыемства ад 6 лютага 2025 года.

Кошт некаторых заказаў на субпадрад ад «Стройтреста № 3» дасягае амаль 3 мільёнаў беларускіх рублёў (каля 900 тысяч долараў). Такіх заказаў амаль два дзясяткі.

Як і ў абсалютнай большасці іншых дзяржаўных устаноў, што будуюць на аб’екце ў Слуцкім раёне, крыніцы такіх буйных фінансавых укладанняў паказаныя не бюджэтныя, а ўласныя сродкі арганізацый. У «Стройтресце № 3» таксама, праўда, уласныя сродкі ў дакументах указаныя больш канкрэтна: крэдытныя рэсурсы ААТ «Белінвестбанк» пад гарантыю Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Паводле дакументаў, атрыманых выданнем, да красавіка 2026 года на аб’ект «Участак» павінны завезці першае тэхналагічнае абсталяванне. Аднак нават на гэтым этапе ні афіцыйная назва комплексу, ні яго канчатковае прызначэнне, ні арганізацыя, якая будзе ім карыстацца, у публічных дакументах так і не раскрыты. Будаўніцтва аднаго з самых маштабных закрытых аб’ектаў у краіне працягваецца без публічных тлумачэнняў. Тым не менш нервавая рэакцыя Лукашэнкі можа ўскосна пацвярджаць стратэгічную важнасць аб’екта.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках