ISW: Пуціну не спадабаецца мірны план Трампа, але ён можа пайсці на каварны кампраміс
2- 21.12.2025, 11:14
- 4,744
Украіне патрэбныя надзейныя гарантыі бяспекі.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін падчас штогадовай прэс-канферэнцыі «Вынікі года» чарговы раз пацвердзіў, што збіраецца дасягаць сваіх мэтаў ва Украіне ваенным шляхам. Толькі для таго, каб дыктатар аддаў загад аб спыненні агню, Кіеў, на яго думку, павінен выканаць цэлы шэраг ультыматыўных патрабаванняў Масквы.
Прапанаваны ЗША «мірны план», які цяпер абмяркоўваецца, не задавальняе кіраўніка Крамля, аднак ён можа падпісаць пагадненне — і адразу ж яго парушыць. Пра гэта гаворыцца ў новым матэрыяле Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Пуцін не адмовіўся ад сваіх мэтаў ва Украіне
Аналітыкі адзначылі, што пастановачныя «зносіны з народам» 19 снежня Пуцін выкарыстаў для чарговага абвяшчэння, што ён не збіраецца адмаўляцца ні ад адной мэты развязанай ім вайны супраць Украіны.
Дыктатар заявіў, што Расія «гатовая і жадае» спыніць вайну на аснове прынцыпаў, якія ён выклаў падчас свайго выступлення ў Міністэрстве замежных спраў Расіі ў чэрвені 2024 года.
«Пуцін выкарыстаў гэтую прамову, каб выкласці свае ўмовы для пагаднення аб спыненні агню і толькі пасля гэтага пачаць перамовы: поўны вывад украінскіх войскаў з усёй тэрыторыі Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей і адмова Украіны ад імкнення да сяброўства ў НАТА. У гэтай прамове 2024 года Пуцін заявіў, што «фундаментальная» пазіцыя Расіі прадугледжвае нейтральны статус Украіны, дэмілітарызацыю (патрабаванне Расіі па абмежаванні ўкраінскіх ваенных такім чынам, каб Украіна не магла сябе абараніць) і дэнацыфікацыю (патрабаванне Расіі аб змене цяперашняга ўкраінскага ўрада на прарасійскі марыянетачны ўрад)», — нагадалі ў ISW пра пуцінскія прымхі.
Расійскі дыктатар у згаданай леташняй прамове таксама патрабаваў, каб міжнародная супольнасць замацавала сваё прызнанне анексіі Расіяй чатырох абласцей і Крыма ў міжнародных пагадненнях, а Захад адмяніў усе санкцыі супраць РФ.
Аналітыкі адзначылі, што большасць патрабаванняў, сфармуляваных Пуціным у чэрвені 2024 года і паўтораных ім некалькі дзён таму, наўпрост супярэчыць амерыканскаму «мірнаму плану» з 28 пунктаў і ўсім яго наступным версіям.
У прыватнасці, ЗША прапаноўвалі замарозіць лінію фронту ў Запарожскай і Херсонскай абласцях, а таксама выказвалі гатоўнасць прызнаць украінскія Данеччыну, Луганшчыну і Крым расійскімі дэ-факта, а не дэ-юрэ.
Да таго ж план, які прасоўвае Вашынгтон, не патрабаваў юрыдычнага прызнання акупаваных украінскіх тэрыторый расійскімі ні ад Украіны, ні ад іншых дзяржаў.
«Заявы Пуціна і далей ясна сведчаць, што ён не будзе задаволены мірным пагадненнем, падобным да тых, што базуюцца на 28-пунктавым прапанаванні, якое цяпер абмяркоўваецца. Пуцін можа пайсці на часовыя кампрамісы, як ён заявіў падчас свайго выступлення на «прамой лініі» падчас саміту ЗША і Расіі на Алясцы ў жніўні 2025 года, але яго непахісная адданасць сваім першапачатковым максімалісцкім ваенным мэтам паказвае, што ён не будзе задаволены такім пагадненнем і будзе працягваць дасягаць сваіх мэтаў у поўным аб’ёме нават пасля падпісання пагаднення», — адзначылі ў ISW.
Менавіта таму, падкрэслілі аналітыкі, любое мірнае пагадненне павінна забяспечыць моцную Украіну з надзейнымі гарантыямі бяспекі: толькі так можна дасягнуць усталявання працяглага і ўстойлівага міру і прадухіліць аднаўленне расійскай агрэсіі.
«Аднак Крэмль неаднаразова публічна і наўпрост адкідаў такія гарантыі бяспекі», — адзначылі ў ISW.