СМІ: Падчас перамоваў у Маямі ЗША перадалі Расіі адно пасланне
9- 21.12.2025, 12:09
- 5,992
Асноўныя рознагалоссі паміж Украінай і РФ застаюцца нязменнымі.
У Маямі закрытыя перамовы амерыканскіх і расійскіх чыноўнікаў не прынеслі відавочнага прагрэсу ў пытанні заканчэння вайны РФ супраць Украіны. Аднак амерыканскія перамоўцы перадалі Расіі тое, што крыніцы выдання Kyiv Post апісалі як пералік дадатковых пытанняў і чаканняў, даўшы зразумець, што ЗША лічаць наступны крок адказнасцю Масквы.
Вядома, што ў перамовах узялі ўдзел спэцпасланец расійскага дыктатара Кірыл Дзмітрыеў і амерыканская дэлегацыя на чале са спэцпрадстаўніком Дональда Трампа Стывам Уіткофам, а таксама з зяцем прэзідэнта ЗША Джарэдам Кушнэрам.
Крыніцы выдання, знаёмыя з ходам перамоваў, апісалі пазіцыю ЗША як рашучую, але стрыманую.
«Гэта былі не перамовы, на якіх Вашынгтон таргаваўся сам з сабой», — адзначыў суразмоўца.
Ён таксама дадаў, што «хоць у суботу прарыву не адбылося», амерыканскі бок «растлумачыў расіянам, дзе цяпер знаходзяцца справы пасля нядаўніх абмеркаванняў з украінцамі, і фактычна сказаў: «Вось што ўсё яшчэ не сыходзіцца. Вярніцеся заўтра з адказамі».
Паводле чыноўнікаў, якія азнаёмленыя з цяперашнім станам перамоваў, асноўныя рознагалоссі застаюцца нязменнымі: экспансіўныя тэрытарыяльныя патрабаванні РФ і настойванне Украіны на жалезных гарантыях бяспекі ад ЗША.
Гэта азначае, што Расія не выяўляе жадання адмовіцца ад прэтэнзій на тэрыторыі, якія ёй не ўдалося цалкам захапіць, у той час як Кіеў сцвярджае, што не саступіць зямлі, якія былі захоплены акупацыянтамі пасля ўварвання 2022 года.
«Паміж Вашынгтонам і Кіевам існуе ўзгодненасць, якой не было некалькі тыдняў таму. Але гэтая ўзгодненасць не прывяла да зменаў у пазіцыі Масквы», — распавёў трэці заходні чыноўнік.
Перамовы павінны працягнуцца сёння, 21 снежня. Чакаецца, што амерыканскія чыноўнікі апублікуюць афіцыйную заяву пасля завяршэння сустрэч, што, магчыма, стане першым публічным сігналам аб тым, ці гатовая Расія да больш сур'ёзных перамоваў.
«Гэта заўсёды пазіцыянавалася як працоўны ўзровень. І так і засталося. Зараз важна, ці вернецца Расія з чымсьці новым — або проста вернецца», — дадаў адзін заходні чыноўнік.