Мы проста ў шоку: тут усё робіцца бегма, бегма, бегма
6- 21.12.2025, 13:37
- 5,134
Беларуска ва «30 з хвасцікам» упершыню прыехала ў санаторый і вельмі здзівілася.
Кацярына — беларуска, якой «30 з хвасцікам». Некалькі месяцаў таму яны з сям’ёй адпачывалі ў Егіпце, а цяпер вырашылі на тыдзень з’ездзіць у санаторый пад Гроднам. У такой установе жанчына была ўпершыню. Шмат што аказалася не зусім такім, як яна чакала. Пра гэта блогер распавяла ў сваім TikTok, піша «Зеркало».
@katrin_0111 Здагадаецеся, які санаторый? #санаторий #санаторийбеларусь #санаториибеларуси #жемчужинагродно #гродно ♬ оригинальный звук - katrin_0111
Адпачываць Кацярына паехала з мужам, дачкой і маленькім сынам. Сям’я спынілася ў «Жемчужине», якая знаходзіцца побач з Гроднам.
— У мяне да санаторыяў было такое стаўленне, як да бальніцы, — кажа яна ў адным з ролікаў. — Калі прыходзіш у паліклініку, на цябе ўсе лекары так глядзяць, тыпу: «Ну, зваліў бы ты хутчэй адсюль» або «Ты ж здаровы, чаго ты прыйшоў?». Думала, тут будзе такі ж сэрвіс, але тут, наадварот, усе дабразычлівыя.
Выгляд нумара таксама аказаўся не такім, як меркавала жанчына. Разлічвала ўбачыць «саўок-саўок», але вакол «як у гатэлі». На кадрах, якія яна выклала, — сучасная ванная з душавой кабінай і два пакоі. У адным — два дываны, тэлевізар, у другім — вялікі ложак. Ёсць яшчэ доўгі балкон з двума выхадамі.
— Мы проста ў шоку, — эмацыйна падсумоўвае Кацярына.
Пры гэтым, паводле назіранняў аўтаркі ролікаў, забаў у «Жемчужине» небагата. Прагляд кіно і мультфільмаў, більярд, канцэрты і дыскатэка.
— Яна, мабыць, да дзесяці гадзін максімум, і на дыскатэцы, умоўна, два чалавекі, — кажа блогерка.
Пры гэтым, падсумоўвае Кацярына, тэмп жыцця ў установе «не для бабуль». Для прыкладу яна прывяла сваю «занятасць»: пасля басейна — працэдура, пазней яшчэ адна, плюс канцэрт, прагляд мультфільма і вячэра.
— Увогуле ўсё так: бегма, бегма, бегма робіцца. Я не ведаю, тут людзі адпачываюць [ці] не, — іранізуе аўтарка ролікаў. — За ўвесь дзень ты настолькі вымотваешся ўсімі працэдурамі, што, умоўна, цяпер дзесятая вечара — [і] няма абсалютна ніякіх сіл <�…>. Проста ты ўстаеш рана, сняданак а дзявятай. Многія прывыклі, што адпачынак — гэта трэба выпіць, на дыскатэцы патусіць. Калі [тут] ты ўсё гэта зробіш, ты проста не ўстанеш раніцай. А калі ўстанеш, то ў такім стане, што ўдзень ляжаш спаць. Таму, напэўна, у санаторыях такая праграма, каб [чалавек] больш надаваў часу аздараўленню, нейкім працэдурам, чым тусе.
Падзялілася жанчына і меркаваннем пра тое, каму не варта ехаць у санаторый. Тут яна звярнула ўвагу на ўзрост пастаяльцаў у ўстанове, дзе яна знаходзіцца. Паводле яе назіранняў, пераважная большасць людзей там — пажылыя.
— Яны вельмі і вельмі камунікабельныя. Каб вы разумелі, я за сёння перазнаёмілася з паловай бабуль у гэтым санаторыі, таму што яны нешта пытаюцца, размаўляюць і так далей, — падзялілася досведам Кацярына. — Таму, калі вы некамунікабельны чалавек, [ёсць варыянт] альбо проста не камунікаваць (але я так не магу, калі ў мяне пытаюцца), альбо санаторый не для вас.
Прапанавала жанчына і трэцюю опцыю ў гэтай сітуацыі: шукаць здраўніцы, дзе больш моладзі.
У каментарыях блогерка заўважыла распаўсюджанае меркаванне, што адпачываць у беларускіх санаторыях дорага, выгадней за гэтыя грошы куды-небудзь злятаць.
— Магчыма, калі браць нейкі мега-круты санаторый, не ведаю, на Нарачы дзе-небудзь <�…>, «Альфа-Радон» (пяць дзён адпачынку ў ім па праграме «Женский Check UP» абыдзецца ў 1618 рублёў. — Заўв. рэд.) таксама вельмі дарагі, то так, — згаджаецца Кацярына. — Але мы адпачываем у санаторыі сярэдняга цэнавага сегмента. І, адпаведна, з нумарам, з ежай, цана, якую плацім, цалкам даступная.
Для прыкладу жанчына параўнала кошт свайго егіпецкага адпачынку і цяперашнія выдаткі на санаторый. У першым выпадку за тур на дзесяць дзён на траіх сям’я заплаціла каля 3,2–3,4 тысячы долараў.
— Тут адпачынак у санаторыі — 150 рублёў на чалавека ў суткі. Нас трае (у роліках Кацярыны, акрамя мужа, відаць двое дзяцей, але сын зусім маленькі, а дзеці да трох гадоў могуць адпачываць у санаторыі з дазволу начальніка ўстановы, і месца для іх бясплатнае. — Заўв. рэд.), адпаведна, [за сем дзён] гэта каля трох з нечым тысяч беларускіх рублёў (3,15 тысячы. — Заўв. рэд.). Гэта будзе каля тысячы долараў <�…>, — адзначыла яна. — За колькі можна назбіраць тры тысячы долараў і за колькі — тысячу?
Паводле слоў жанчыны, яна недаацэньвала санаторыі.
— Хачу сказаць, што тут даволі класна. Тут такі рэлакс, — падзялілася меркаваннем яна. — Вось гэтыя працэдуры, [на якія] ты ходзіш, яны так расслабляюць. На гадзінніку дзевяць вечара (у горадзе я кладуся спаць а другую гадзіну ночы), тут я ўжо ўсё, я не магу. Мне ўжо хочацца спаць, бо ўвесь дзень бегаеш па працэдурках.