Швецыя затрымала падсанкцыйнае расійскае судна
2- 21.12.2025, 15:05
- 2,648
Праводзіцца праверка.
Прадстаўнікі шведскай мытні спынілі расійскае грузавое судна «Адлер», кампанія-ўладальніца якога займаецца экспартам зброі ў РФ. На борце праводзяць праверку грузу.
Пра гэта паведамляе SVT.
Як адзначаецца, «Адлер» яшчэ ў суботу раніцай стаў на якар у шведскіх водах паблізу Геганеса пасля таго, як у яго адбыўся збой у працы рухавіка.
Начная аперацыя праводзілася пад кіраўніцтвам Мытнай службы, якая звярнулася па дапамогу да Берагавой аховы. Паводле звестак SVT, у рэйдзе таксама ўдзельнічалі байцы Нацыянальнага атрада спецыяльнага прызначэння, да справы прыцягнутыя Паліцыя бяспекі і пракуратура.
Праверка судна працягвалася і раніцай у нядзелю. Паводле слоў прадстаўніка Мытнай службы Марціна Геглунда, высадка на борт прайшла спакойна, а экіпаж быў ветлівы.
Судна належыць расійскай кампаніі M Leasing LLC, якая знаходзіцца ў санкцыйных спісах ЗША і ЕС. Прычына ў тым, што караблі кампаніі, нібыта, перавозяць паўночнакарэйскія боепрыпасы, якія Расія потым выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.
Адзначаецца, што гэты рэйд з’яўляецца адным з серыі аналагічных праверак, праведзеных супраць падазронай расійскай гібрыднай дзейнасці або гандлю зброяй у водах краін ЕС на працягу года.