Грэм заклікаў Трампа захопліваць караблі з расійскай нафтай
- 22.12.2025, 5:45
- 1,206
Сенатар заклікаў дзейнічаць паводле венесуэльскага сцэнару.
Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заклікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа захопліваць караблі з расійскай нафтай, калі Уладзімір Пуцін адмовіцца весці перамовы па Украіне.
Пра гэта паведамляе NBC News.
Каментар сенатара прагучаў на фоне таго, што ЗША ўжо праводзяць блакаду супраць Венесуэлы і захопліваюць судны з падсанкцыйнай нафтай.
Грэм таксама разлічвае на падтрымку з боку Трампа законапраекта аб тарыфах на куплю расійскай нафты і на прызнанне Расіі дзяржавай — спонсарам тэрарызму.
«Калі Пуцін скажа «не», я спадзяюся, што прэзідэнт Трамп зробіць наступнае: падпіша мой законапраект, які падтрымліваюць 85 сааўтараў, увядзе тарыфы супраць краін, такіх як Кітай, што купляюць танную расійскую нафту, прызнае Расію дзяржавай — спонсарам тэрарызму за выкраданне 20 000 украінскіх дзяцей і, што самае галоўнае, будзе канфіскоўваць судны, якія перавозяць падсанкцыйную расійскую нафту, так, як гэта робіцца ў дачыненні да Венесуэлы», — сказаў Грэм.