22 снежня 2025, панядзелак, 15:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ехала роўна суткі без перасадак»

«Ехала роўна суткі без перасадак»

На выездзе з Польшчы ў Беларусь — чэргі аўтобусаў.

Напярэдадні калядных святаў дзясяткі аўтобусаў стаяць у чарзе на ўезд у Беларусь з Польшчы. Пасажыры праводзяць на мяжы каля сутак. Зноў стала папулярнай практыка перасадак за даплату ў аўтобусы, што стаяць наперадзе, піша Most.

Як пішуць карыстальнікі прыгранічных чатаў, праходжанне мяжы праз пераход «Тэрэспаль — Брэст» займае каля сутак або нават больш.

Віктар ехаў з Варшавы. Ён піша, што прыбыў на мяжу 21 снежня а 04:50, яго аўтобус быў 56-м у чарзе. Пасажыры пакінулі памежны пераход з беларускага боку толькі 22 снежня а 08:30. На польскім пункце пропуску аўтобус аформілі за 25 хвілін, а з беларускага боку — за чатыры з паловай гадзіны.

У карыстальніцы Vera Vanislavskaya праходжанне мяжы без перасадкі заняло 28 гадзін 15 хвілін: прыбылі на мяжу 21 снежня а 01:30, а выехалі з мяжы 22 снежня а 05:15.

— Мяжа РП—РБ — роўна суткі без перасадак, — піша карыстальніца Анжэла.

Шмат карыстальнікаў адзначаюць, што кантроль на выезд з Польшчы праходзяць хутка, а беларускі бок накіроўвае значную частку транспартных сродкаў на рэнтген.

Перад шлагбаўмам змяняюць 20-мясцовы бус на вялікі аўтобус

Разам з чэргамі на мяжу вярнулася і практыка платных перасадак у першыя ў чарзе аўтобусы. Гэтым разам «падсадкі» практыкуюцца на польскім баку мяжы. У Тэрэспалі нават з’явіліся кіроўцы, якія прапануюць падвезці пасажыраў аўтобусаў да пачатку чаргі. Гэтая паслуга каштуе 20 злотых.

За перасадку ў адзін з першых аўтобусаў у чарзе плацяць па 50 еўра. У пасажыраў, якія скарысталіся гэтым спосабам, праходжанне мяжы заняло 4,5–5 гадзін.

Карыстальнікі чата апісалі сумніўную практыку некаторых перавозчыкаў: спачатку яны ставяць у чаргу бус на 20 пасажыраў, а перад шлагбаўмам змяняюць яго на 50-мясцовы аўтобус. Такім чынам перад мяжой з’яўляюцца дзясяткі вольных месцаў, якія можна прадаць па 50 еўра.

Што ў «Баброўніках»

Чэрга аўтобусаў з’явілася і на памежным пераходзе «Баброўнікі — Бераставіца». У чатах пішуць, што ўначы з 21 на 22 снежня ў чарзе на выезд з Польшчы ў Беларусь было 24 аўтобусы. Праходжанне мяжы ў бок Беларусі займае 24–25 гадзін.

На выезд з Беларусі таксама чэргі

Чэргі аўтобусаў ёсць і на беларускім баку мяжы. У «Брэсце» некаторыя перавозчыкі практыкуюць перасадку ў падменныя аўтобусы бліжэй да пачатку чаргі. Праходжанне мяжы на аўтобусе ў бок Польшчы праз пераход «Брэст — Тэрэспаль» займае каля васьмі гадзін.

У «Бераставіцы» праходжанне мяжы ў бок Польшчы займае 12–14 гадзін.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках