У Беларусі па рынку працы ўводзяць змены
2- 22.12.2025, 14:33
- 3,918
Яны закрануць і наймальнікаў, і работнікаў.
У Беларусі ўводзяць навінкі ў сферы сацыяльнага страхавання і лісткоў непрацаздольнасці. У Мінпрацы растлумачылі, што менавіта зменіцца для наймальнікаў і работнікаў.
Навацыя для наймальнікаў
Сярод іншага з’явіцца навінка для наймальнікаў — для іх на адзін рабочы дзень падоўжылі тэрмін падачы формы пры звальненні работнікаў (гэты дакумент называецца ПУ-2), адзначае «Зеркало».
«Адменена неабходнасць прадстаўляць анкету ПУ-1 (для змянення анкетных звестак) за грамадзян, у якіх у дакуменце ўжо ёсць ідэнтыфікацыйны нумар, — удакладняюць у Мінпрацы. — Для дакладнага ўліку стажу работнік органа Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) самастойна запоўніць звесткі аб прыёме і звальненні (форма ПУ-2) і індывідуальныя звесткі (форма ПУ-3) на падставе працоўнай кніжкі ў пэўных выпадках».
Супрацоўнік фонду сам унясе гэтыя звесткі, калі арганізацыя была ліквідаваная. Таксама — калі наймальнік не плаціў абавязковыя страхавыя ўзносы і не прадстаўляў дакументы персаніфікаванага ўліку на працягу каляндарнага года.
Змены для тых, хто жадае самастойна рабіць адлічэнні ў ФСАН
«Лічбавізацыя і спрашчэнне ўліку. Для ахвочых добраахвотна выплачваць страхавыя ўзносы ўведзена дыстанцыйная рэгістрацыя праз «Асабісты кабінет плацельшчыка» на партале Фонду, — удакладняюць у Мінпрацы. — Спрошчана працэдура пастаноўкі на ўлік для адвакатаў і натарыусаў за кошт электроннага ўзаемадзеяння паміж ведамствамі».
Навацыі для самазанятых
«Работнікі фонду таксама будуць фарміраваць справаздачнасць (форму ПУ-3) для індывідуальных прадпрымальнікаў, плацельшчыкаў адзінага падатку і іншых збораў», — паведамляюць у Мінпрацы. Гэта плануюць рабіць на падставе даных аб уплаце страхавых узносаў.
Таксама супрацоўнікі ФСАН будуць рыхтаваць такую справаздачнасць для адвакатаў, натарыусаў і тых, хто працуе за мяжой, тлумачаць у ведамстве. Але ёсць умова — поўная ўплата ўзносаў за справаздачны год.
«Дакумент накіраваны на далейшае спрашчэнне ўзаемадзеяння грамадзян і арганізацый з ФСАН, а таксама на пашырэнне мер падтрымкі для асобных катэгорый», — растлумачылі ў ведамстве.