У Расіі запаволілі працу WhatsApp
5- 22.12.2025, 15:24
- 2,246
На 80%.
Расіяне масава сутыкнуліся з праблемамі пры выкарыстанні месэнджара WhatsApp. Паводле даных сэрвісу «Сбой.рф», за няпоўны дзень 22 снежня з 20 рэгіёнаў Расіі паступіла больш за 2100 скаргаў на працу прыкладання пры тым, што на мінулым тыдні ў сярэднім было 270 зваротаў у дзень. Больш за ўсё скаргаў накіравалі карыстальнікі з Масквы (58% ад агульнай колькасці), Санкт-Пецярбурга (13%) і Маскоўскай вобласці (8%). Таксама пра праблемы паведамілі жыхары Калінінградскай, Уладзімірскай, Свярдлоўскай, Новасібірскай абласцей, Краснадарскага краю, Татарстана, Карэліі і інш.
Паводле крыніцы РБК на тэлекам-рынку, з сённяшняга дня Раскамнагляд запаволіў працу месэнджара на 70–80%. Аператары сувязі да гэтага дачынення не маюць, падкрэсліў суразмоўца выдання. Як вынікае з зваротаў расіян на Downdetector, у WhatsApp з цяперашнім узроўнем запаволення апавяшчэнні працуюць некарэктна, узнікаюць падвісанні пры загрузцы, а таксама ёсць цяжкасці з адпраўкай тэкставых паведамленняў. У сярэдзіне жніўня Раскамнагляд афіцыйна абвясціў пра абмежаванне званкоў у WhatsApp і Telegram, патлумачыўшы гэта тым, што яны выкарыстоўваюцца махлярамі для «вымагальніцтва грошай» і «уцягвання расійскіх грамадзян у дыверсійную і тэрарыстычную дзейнасць». У канцы лістапада нагляднае ведамства папярэдзіла пра «паэтапную» поўную блакіроўку WhatsApp. Пасля гэтага масавыя збоі ў працы месэнджара ўзніклі ў Сібіры, на Урале і ў Санкт-Пецярбургу.
Нягледзячы на нарастаючы ціск, WhatsApp застаецца самым папулярным месэнджарам у Расіі. Паводле даных Mediascope, у жніўні ў яго было больш за 97 млн унікальных карыстальнікаў, што перавышае паказчыкі мінулага года. Аўдыторыя Telegram у Расіі на той момант налічвала 91 млн чалавек. Пры гэтым сярэднясутачная аўдыторыя «нацыянальнага месэнджара» МАХ, у які ўлады блакіроўкамі і іншымі метадамі прымусу зганяюць расіян, у сярэдзіне снежня склала ўсяго 45 млн.
Блакіроўка WhatsApp літаральна паўтарае сцэнар з YouTube, які быў рэалізаваны летась, як раней адзначаў кіраўнік «Таварыства абароны інтэрнэту» Міхаіл Клімараў. Па яго словах, пачаўшы з часовых блакіровак, улады паступова цалкам абмяжуюць працу платформаў, не падкантрольных Крамлю, у краіне.