Еўрасаюз перадаў Украіне ЦЭС з Літвы
2- 22.12.2025, 16:51
- 2,560
Яна забяспечыць святлом мільён украінцаў.
Еўракамісія перадала Украіне цеплавую электрастанцыю з Літвы, якая павінна забяспечыць святлом каля мільёна украінцаў, паведамляе прэс-служба Мінэнерга Украіны.
- Складаная аперацыя, якая доўжылася 11 месяцаў, уключала 149 паставак абсталявання агульнай вагой 2399 тон. Сярод іх 40 былі негабарытнымі грузамі, у тым ліку надзвычай цяжкія трансфарматары і статары вагой каля 172 тон кожны, - адзначылі ў Мінэнерга.
Паведамляецца, што падтрымка Польскага ўрадавага агенцтва стратэгічных рэзерваў адыграла важную ролю ў забеспячэнні складанага транспартавання гэтых кампанентаў.
Прадастаўленае абсталяванне дапамагло правесці аварыйныя рамонты ў некалькіх рэгіёнах Украіны, дзе энергетычная інфраструктура была значна пашкоджана ў выніку расійскіх удараў.
- Мы надзвычай удзячны партнёрам з Літвы, Польшчы і ўсяго еўрапейскага супольніцтва, якія дапамаглі атрымаць крытычна неабходнае абсталяванне. Яно дапамагло аднавіць важныя энергетычныя магутнасці і ўзмацніць устойлівасць энергасістэмы, - адзначыў в. а. міністра энергетыкі Украіны Арцём Некрасаў.
Еўракамісар па пытаннях гатоўнасці, крызіснага кіравання і роўнасці Хаджа Лахбіб адзначыла, што пастаўка гэтай электрастанцыі дапаможа забяспечыць святлом і цеплом адзін мільён чалавек, якія сустракаюць чацвёртую зіму расійскай агрэсіўнай вайны.
Паводле Мінэнерга, гэтая лагістычная аперацыя з’яўляецца часткай комплекснага адказу ЕС на агрэсію РФ супраць Украіны з лютага 2022 года, скаардынаваную праз Механізм грамадзянскай абароны ЕС.
На сёння агульная падтрымка ЕС энергетычнага сектара Украіны дапамагла мільёнам людзей, уключаючы дастаўку 9500 генератараў і 7200 трансфарматараў. У цэлым Камісія выдзеліла больш за 1,2 млрд еўра на праграмы гуманітарнай дапамогі ва Украіне і даставіла больш за 160 000 тон дапамогі.