У Польшчы будуць судзіць візавых пасярэднікаў
5- 23.12.2025, 11:58
- 3,504
Сярод іх кліентаў і беларусы.
У Быдгашчы будуць судзіць удзельнікаў групы, якая афармляла фіктыўныя дакументы аб працаўладкаванні замежнікаў. На падставе іх больш за 7 тыс. чалавек, у тым ліку грамадзяне Беларусі, атрымалі польскія працоўныя візы.
«Памагатарам» пагражае да васьмі гадоў зняволення. Пра справу расказалі ў Акруговай пракуратуры Быдгашча, паведамляе Most.
Абвінавачанні выстаўлены 11 удзельнікам злачыннай групы, якая дзейнічала ў 2019-2022 гадах. Паводле дадзеных следства, яны падалі ў польскія дзяржаўныя органы больш за 12 тыс. заяў і дэкларацый, якія ўтрымлівалі ілжывую інфармацыю. На падставе гэтых дакументаў польскія консульствы выдалі больш за 7 тыс. віз.
Кліентамі быдгашскіх візавых пасярэднікаў былі грамадзяне каля 30 краін з Еўропы, Азіі і Афрыкі. Сярод іх і беларусы.
Каб аформіць жаданыя дакументы, пасярэднікі праз давераны профіль (Profil Zaufany) рэгістравалі на выдуманыя адрасы таварыствы з абмежаванай адказнасцю. А потым ад імя фіктыўных фірмаў звярталіся ў павятовыя ўпраўленні працы, а таксама ў Куяўска-Паморскую ваяводскую адміністрацыю па дазволы на працу для замежнікаў.
Акрамя таго, абвінавачаныя выкарыстоўвалі ў заявах даныя рэальна існуючых фірмаў з Куяўска-Паморскага ваяводства. Яны ўказвалі адрасы кампаній, тып працы, якую нібыта збіраліся выконваць замежнікі, а таксама папагадзінныя стаўкі. Падчас следства высветлілася, што гэтыя фірмы не запрашалі замежнікаў, чые даныя фігуравалі ў заявах.
17 снежня Акруговая пракуратура Быдгашча перадала абвінаваўчы акт у Акруговы суд. «Памагатараў» абвінавачваюць у ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, а таксама ў арганізацыі незаконнага перасячэння польскай мяжы. Некаторыя з іх знаходзяцца пад арыштам. Ім пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.