23 снежня 2025, aўторак, 22:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расіяне назвалі найважнейшай падзеяй года павышэнне цэн, тарыфаў ЖКГ і ПДВ

2
Расіяне назвалі найважнейшай падзеяй года павышэнне цэн, тарыфаў ЖКГ і ПДВ

Апытанне.

Праблемай нумар адзін для расіян застаецца інфляцыя. У традыцыйным перадвагоднім апытанні «Левада-цэнтра» пра галоўныя падзеі года, што сыходзіць, найбольшая колькасць адказаў (34%) на пытанне пра найважнейшую падзею года набраў варыянт «павышэнне цэн, тарыфаў ЖКГ, ПДВ, утылізацыйнага збору», перадае The Moscow Times.

Па папулярнасці ён абышоў сустрэчу Уладзіміра Пуціна з Дональдам Трампам на Алясцы (29%), атакі беспілотнікаў на гарады і прадпрыемствы (28%), а таксама адключэнні мабільнага інтэрнэту і блакіроўку месэнджараў (25%).

Сустрэча Пуціна з Трампам мела не толькі сімвалічнае значэнне — прарыў ізаляцыі з боку заходніх краін, але і давала надзею на заканчэнне вайны. Аднак для расіян важнейшымі аказаліся камунальныя тарыфы (яны выраслі на 11,9%), адмена пільг па ўтылізацыйным зборы і інфляцыя ў цэлым.

Яна ў спалучэнні з іншымі эканамічнымі праблемамі амаль заўсёды трапляе ў пяцёрку галоўных падзей года. У 2020 г. усё зацямніла пандэмія (39%), а «павышэнне цэн, беспрацоўе, падзенне зарплат, эканамічны крызіс» было на трэцім месцы (8%). У 2021 г. інфляцыя не ўвайшла ў топ-5, у 2022 г. з 26% вярнулася на пятае месца (вайну, мабілізацыю, анексію чатырох абласцей Украіны і каранавірус людзі палічылі важнейшымі), а ў наступным годзе разам з абвалам рубля стала падзеяй года (38%). Праўда, у мінулым годзе павышэнне цэн не трапіла ў топ-5.

У падобным апытанні фонду «Грамадская думка» (ФОМ) на першым месцы — вайна (11%), на другім — ініцыяваныя Трампам мірныя перамовы, а «павышэнне цэн і тарыфаў» разам з мноствам іншых варыянтаў (сярод іх павышэнне падаткаў, збораў) атрымала 1%. Гэта апытанне адкрытае: людзям не прапануюцца варыянты адказаў, і 60% нічога не адказалі.

Расіяне заўсёды ставілі на першае месца матэрыяльны дабрабыт. «Галоўная прыкмета „Вялікай Дзяржавы“ — дабрабыт народа, жыць па такіх жа стандартах, як у „нармальных краінах“ (то бок як „на Захадзе“). І гэтае жаданне толькі ўзмацняецца за 20 гадоў», — пісаў былы дырэктар «Левада-цэнтра» Леў Гудкоў пра апытанні пра тое, што такое «Вялікая Дзяржава». Але людзі амаль не адчуваюць росту дабрабыту.

Лістападаўскае апытанне ФОМ паказала, што расіяне ўсё горш ацэньваюць сваё матэрыяльнае становішча і ўсё больш песімістычна глядзяць на яго перспектывы. Доля тых, хто скардзіцца на пагаршэнне матэрыяльнага становішча, дасягнула 25% — максімуму з 2022 г.; пра паляпшэнне паведамілі толькі 8%. У верасні пераважная большасць, адказваючы на просьбу параўнаць павелічэнне сваіх даходаў і цэн, сказалі, што іх даходы раслі не хутчэй, чым цэны («даходы не раслі, а цэны раслі» — 41%), «даходы раслі павольней, чым цэны» — 38%).

Паводле даных Расстата, інфляцыя апошнія месяцы зніжаецца: з больш як 10% на пачатку года яна апусцілася да 6,6% у лістападзе. Аднак расіяне ацэньваюць яе ўдвая вышэй, што паказваюць рэгулярныя апытанні ФОМ па замове Цэнтрабанка. На пачатку снежня рэспандэнты ацанілі павышэнне цэн за апошні год у 14,5% і чакалі на наступныя 12 месяцаў інфляцыю 13,7%. Чым даўжэй інфляцыя адхіляецца ад мэты, тым меней людзі вераць у яе вяртанне да нізкіх узроўняў, прызнавала старшыня ЦБ Эльвіра Набіуліна.

2025 год, на думку апытаных «Левада-цэнтрам», аказаўся цяжкім як для краіны, так і для іх асабіста. Амаль палова (48%) лічаць, што ён быў для Расіі цяжэйшы, чым 2024 г., і толькі 10% — што лягчэйшы. Ацэнкі таго, якім выдаўся год асабіста для іх, лепшыя, але негатыўныя пераважаюць: 38% назвалі яго больш цяжкім, чым мінулы, і толькі 13% адказалі, што ён быў лягчэйшы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках