«Беларуськалій» банкруціць даччыную кампанію, якую ніхто не захацеў купіць
2- 23.12.2025, 20:21
- 1,342
Гаворка пра кампанію «Еўрапейскае аграрнае агенцтва».
«Беларуськалій» ініцыяваў банкруцтва кампаніі «Еўрапейскае аграрнае агенцтва» (ЕАА), бо не змог прадаць свой кантрольны пакет у гэтым бізнесе. Прадпрыемства валодае 55 % акцый ЕАА, але пакупнікоў на іх так і не знайшлося, піша выданне «Белорусы и рынок».
Суд Мінска, разгледзеўшы заяву, прызнаў, што існуюць дастатковыя падставы для пачатку справы аб банкруцтве, і ўвёў у дачыненні да кампаніі ахоўны перыяд.
Мэта «Беларуськалія» — дамагчыся вяртання больш за 220 тысяч рублёў доўгу, а таксама кампенсацыі каля 2,4 мільёна рублёў страт.
ЕАА было створанае як сумеснае прадпрыемства «Беларуськалій-агра» і эстонскай кампаніі European Agricultural Agency, якую кантралюе беларускі бізнесмен Аляксандр Багачэнка. Кампанія займалася продажам сельскагаспадарчай тэхнікі ў Беларусі і іншых краінах постсавецкай прасторы. Сам Багачэнка таксама з'яўляецца ўладальнікам аграрнага медыяпартала AgroNews.
У 2024 годзе ЕАА не выканала абавязацельствы па сваіх аблігацыях, а пазней Міністэрства фінансаў Беларусі прыпыніла іх абарачэнне. У канцы таго ж года «Беларуськалій-агра» спрабавала прадаць сваю долю ў кампаніі, але безвынікова.
Судовае разбіранне па справе аб банкруцтве запланавана на сярэдзіну студзеня 2026 года. Тым часам Аляксандр Багачэнка актыўна развівае бізнес у Польшчы і нядаўна стварыў там новую кампанію.