24 снежня 2025, Серада, 1:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Білецкі: Расіяне падыходзяць да стратэгічнага тупіку ў вайне ва Украіне

Андрэй Білецкі: Расіяне падыходзяць да стратэгічнага тупіку ў вайне ва Украіне

Камандзір 3-га корпуса Узброеных Сіл Украіны лічыць, што «зрухі будуць праз тры–пяць месяцаў».

Камандзір 3-га корпуса Узброеных Сіл Украіны Андрэй Білецкі заявіў, што дадзеныя разведак указваюць на знясіленне і дэградацыю расійскіх войскаў, якія, паводле яго слоў, падыходзяць у вайне супраць Украіны да стратэгічнага тупіку.

Адзін з фактараў — тактыка інфільтрацыі, якой ганарацца расіяне, — на практыцы яна прыводзіць да маштабных чалавечых страт, распавёў Білецкі ў інтэрв'ю YouTube-каналу «Бамбардзір».

Ён дадаў, што ў расіян таксама пагаршаецца сітуацыя з бранятэхнікай, артылерыйскімі сістэмамі і іншымі ключавымі відамі ўзбраення, перадае New Voice.

«Аб'ектыўныя страты праціўніка мінімум у шэсць, часам у восем разоў перавышаюць нашыя страты. У нас не настолькі вялікая розніца ў чалавечым вымярэнні, каб несці страты ў шэсць–восем разоў большыя і мець магчымасць доўга весці такую кампанію. У такім выпадку ў Расіі павінна быць дзвесце шэсцьдзясят мільёнаў насельніцтва, каб гэта было магчыма, дэ-факта», — адзначыў камандзір 3-га корпуса.

Паводле слоў Білецкага, расіяне ўсведамляюць стратэгічны тупік, да якога набліжаюцца, і адсутнасць рэальных магчымасцяў для далейшага прасоўвання, таму спрабуюць захапіць Данбас невайсковымі метадамі. Ён дадаў, што для гэтага яны, у прыватнасці, выкарыстоўваюць інструменты ўплыву часоў КДБ на міжнародных пляцоўках, спрабуючы стварыць уражанне, што РФ нібыта здольная яшчэ доўга падтрымліваць інтэнсіўныя баявыя дзеянні, таму выгадна пераходзіць да перамоваў ужо цяпер.

«Перад стратэгічным тупікам (расіяне — рэд.) КДБшна спрабуюць пераканаць увесь свет і Украіну, што яны яшчэ могуць ваяваць у такім тэмпе два–тры гады, не спыняючыся, і дасягнуць сваіх мэтаў — хаця б абмежаваных, хаця б Данбас — невайсковым шляхам», — заявіў камандзір 3-га корпуса.

Білецкі запэўніў, што пры цяперашнім раскладзе сіл Украіна здольная нарасціць патэнцыял, спыніць расійскія войскі і толькі пасля гэтага пераходзіць да прадметнай размовы пра прымальныя ўмовы.

«Я думаю, што ў найбліжэйшы час — гэта трох–пяцімесячная перспектыва — адбудуцца значныя зрухі. Калі Украіна зможа інтэнсіфікаваць працу ў войску ў пытаннях баявой падрыхтоўкі, прасоўвання новых тэхналагічных рашэнняў на полі бою, іх вельмі хуткай імплементацыі і пашырэння, максімальна замяніць чалавека там, дзе гэта магчыма, машынай — БПЛА, НРК, тэхнічнымі сродкамі разведкі або абароны. Калі мы гэта зробім, то ёсць усе шанцы, што расіяне ў бліжэйшы час будуць спыненыя, і тады мы зусім спакойна зможам сесці з імі за стол і атрымаць не самыя лепшыя, але прымальныя для нас на гэтым этапе ўмовы», — сказаў камандзір 3-га корпуса.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках