Дырэктар ЧАЭС папярэдзіў пра магчымасць абрушэння ахоўнага купала
2- 24.12.2025, 8:43
- 6,882
Дзеянні расіян могуць прывесці да надзвычайнага здарэння.
Новы ўдар з боку РФ можа прывесці да абрушэння ўнутранага ахоўнага ўкрыцця над разбураным рэактарам Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта ў інтэрв'ю AFP паведаміў дырэктар станцыі Сяргей Тараканаў.
Паводле слоў Сяргея Тараканава, аднаўленне ахоўных функцый укрыцця над ЧАЭС пасля ўжо раней атрыманых пашкоджанняў зойме не менш як тры-чатыры гады. Пры гэтым ён падкрэсліў, што паўторнае трапленне ракеты або беспілотніка можа мець крытычныя наступствы.
З пачатку вайны ў лютым 2022 года Чарнобыльская АЭС неаднаразова падвяргалася расійскім абстрэлам. У пачатку 2025 года адзін з такіх удараў прабіў адтуліну ў знешняй ахоўнай абалонцы, пасля чаго Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) заявіла, што аб'ект страціў свае асноўныя функцыі бяспекі.
Як растлумачыў Тараканаў, калі ракета або дрон трапяць непасрэдна ў купал ці ўпадуць паблізу — напрыклад, ідзе гаворка пра балістычную ракету комплексу «Іскандэр», — ударная хваля можа выклікаць «міні-землятрус». У такім выпадку, паводле яго слоў, ніхто не зможа гарантаваць, што ўнутраная канструкцыя ўкрыцця вытрымае нагрузку.
Разбураны энергаблок Чарнобыльскай АЭС накрыты двума ахоўнымі збудаваннямі: унутраным саркафагам са сталі і бетону, тэрмінова ўзведзеным пасля аварыі 1986 года, і сучаснай знешняй абалонкай — Новым бяспечным канфайнментам (NSC). Менавіта дах NSC быў сур'ёзна пашкоджаны ў лютым 2025-га ў выніку ўдару расійскага дрона, што прывяло да буйнага пажару знешняй абшыўкі металічнай канструкцыі.
«Наш новы канфайнмент страціў некалькі ключавых функцый. Мы разумеем, што на іх аднаўленне спатрэбіцца як мінімум тры-чатыры гады», — адзначыў дырэктар станцыі.