Рэжым застаўся ў дураках
9- 24.12.2025, 17:21
- 28,338
Беларускія ўлады толькі сапсавалі свой імідж.
Добрыя навіны ў нашы дні — на вагу золата. «Найлепшы калядны падарунак»: беларуска перамагла бюракратыю і атрымала ў Нарвегіі пашпарт замежніка». Парадуемся разам! Але пастойце: навошта чалавеку, у якога ёсць грамадзянства, пашпарт замежніка?
У вас дакументаў няма
Для тых, хто не сочыць за беларускімі навінамі, гэта цалкам натуральнае пытанне, піша planbmedia.io. Нагадаем сутнасць праблемы: у 2023 годзе ўказам Лукашэнкі пасольствы Беларусі «спынілі выкананне ўсіх функцый, звязаных з дакументаваннем». З таго часу грамадзяне Беларусі, якія жывуць за мяжой, страцілі магчымасць атрымаць, памяняць або працягнуць пашпарт праз пасольства. Сканчаецца пашпарт — едзь па новы ў Беларусь. Нарадзілася дзіця — запрашаем па пашпарт дадому.
Праблема ў тым, што для многіх беларусаў, якія цяпер жывуць за мяжой, слова «дадому» можа апынуцца сінонімам слова «ў турму». «Для многіх» — гэта колькі? Калі паглядзець на статыстыку, то людзей з гуманітарнымі ВНЖ і ўцекачоў сярод імігрантаў не так і шмат (у Літве гэта да 10% ад грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на пражыванне).
Але сапраўднае становішча рэчаў горшае — асноўная маса беларусаў, што з’ехалі з палітычных прычын і знаходзяцца ў зоне рызыкі пры вяртанні дадому, легалізавалася на самых звычайных падставах — праца, Blue Card, уз’яднанне сям’і. Гэта паказвалі і першыя апытанні, і пазнейшыя інтэрв’ю з імігрантамі з Беларусі.
«Ёсць высокая рызыка таго, што гэтыя выгнанцы падвергнуцца пераследаванням у разе іх вяртання ў Беларусь» — падвялі рысу эксперты ААН. «Я зыходжу з таго, што сітуацыя ў Беларусі пакуль у найбліжэйшы час застанецца такой, якая ёсць. Таму, каб працягнуць мой пашпарт, мне трэба ехаць у Беларусь, а я пакуль гэтага зрабіць не магу. То-бок шлях мне пакуль адрэзаны. Адпаведна, мне трэба шукаць нейкія варыянты», — патлумачылі сваю праблему беларусы.
Пашпартнае пытанне
У большасці беларускіх імігрантаў «пашпартнае пытанне» ўзнікае паступова: «У нас пакуль з пашпартамі праблем няма, але мы разумеем, што праблема ўзнікне праз два гады. У калег ужо ўзнікалі гэтыя пытанні. Большасць з іх не можа вярнуцца ў Беларусь, каб памяняць пашпарт».
Знаходзяцца і нагоды для радасці: «Мы з мужам у 2019 годзе трапілі пад дождж і намочылі нашы пашпарты, таму зрабілі новыя — яны ў нас да 2029 года! То-бок у гэтым плане ўсё добра». Усё добра, разумееце? Наперадзе — чатыры гады пэўнасці, гэта ж небачаная раскоша!
«Яксьці я спытала ў свайго калегі-літоўца: „Kaip sekasi?“ А ён кажа: „Вось, машыну разбіў“. Я яму адказваю: „Не перажывай, адрамантуеш — галоўнае, што ніхто не пацярпеў, што ўсе жывыя і здаровыя“. А ён мне: „Так — як пачую, што некаторыя без пашпарта жывуць, дык у мяне наогул у жыцці праблем няма!“»
Літва прапанавала беларусам падтрымку ў вырашэнні праблемы з пашпартамі амаль адразу пасля прыняцця ўказу аб абмежаванні кансульскіх паслуг. Гэтая падтрымка адпавядае прынятым міжнародным нормам і ўключае выдачу жэнеўскіх пашпартоў (для палітычных уцекачоў), пашпарта замежніка (праязны дакумент, які дае замежнаму грамадзяніну права шматразова перасякаць мяжу пры адсутнасці дзеючага пашпарта) і спрошчанае падаўжэнне ВНЖ для людзей, якія пражываюць па пашпарце замежніка.
Гэтыя захады ператварылі, здавалася б, непераадольную праблему ў руцінную адміністрацыйную працэдуру: «У нашай дачкі, якая нарадзілася ў Літве, няма грамадзянства, але мы яе зарэгістравалі, напісаўшы ліст у міграцыю пра тое, што ў нас няма магчымасці зрабіць дачцэ пашпарт. І нам зрабілі від на жыхарства для дзіцяці без пашпарта. Потым у старэйшага сына таксама скончыўся пашпарт, і мы дакладна такі ж ліст напісалі. І цяпер у старэйшага сына таксама ёсць від на жыхарства, хоць няма беларускага пашпарта».
Пашпартнае пытанне: вінаваты відавочны
Праз два з лішнім гады дзеяння ўказа відаць, што ў дураках засталіся тыя, хто з яго дапамогай спрабаваў «пакараць беларусаў у выгнанні». Гэта мера не толькі зрабіла дзесяткі тысяч беларусаў замежжа яшчэ менш лаяльнымі да ўладаў сваёй краіны, але і паказала іншым краінам, якой стала сённяшняя Беларусь.
„Не разумеем, чаму б вам не паехаць у Беларусь і не зрабіць новы пашпарт“ — прыблізна з такой фармулёўкай год таму адмовілі ў выдачы пашпарта замежніка дачцэ шчаслівай беларускі з навіны, з якой пачынаўся гэты тэкст. Але потым інфармацыя пра краіну ў міграцыйных органах Нарвегіі абнавілася — і пытанняў «чаму» больш не засталося. Гэта страта іміджу краіны, а яшчэ больш — іміджу яе кіраўніцтва. Хочаце палепшыць яго — вярніце грамадзянам кансульскія паслугі.
А да таго часу ўсё больш беларусаў будуць радавацца «калядным падарункам» у выглядзе магчымасці рэалізоўваць сваё асноўнае права на свабоду перамяшчэння і задумвацца пра тое, што дома іх чакаюць толькі ўспаміны.