Авіякампанія FlyDubai адмяніла навагоднія рэйсы з Мінска
- 24.12.2025, 14:22
- 2,994
Пазней рэйсы ў Азію адмянілі і іншыя перавозчыкі.
Беларускія турысты, якія загадзя браніравалі гатэлі і аплачвалі туры ў ААЭ, атрымалі пад Новы год нечаканы падарунак ад авіякампаніі FlyDubai. Яна ў аднабаковым парадку адмяніла ўсе авіярэйсы з Мінска і ў зваротным напрамку з 24 снежня 2025 года па 8 студзеня 2026-га. Пра гэта паведамляе партал Tio.by. Тэму актыўна абмяркоўваюць у сацыяльных сетках як пасажыры, так і прадстаўнікі туркампаній.
Партал адзначае, што асобныя тураператары, у прыватнасці FUN&SUN, «Рускі Экспрэс», замест адмененых рэйсаў з Мінска перасадзілі частку пасажыраў на рэйсы Belavia. Іншым прапанавалі пералёты з Масквы з арганізацыяй трансферу да аэрапорта і назад. Пры гэтым цяпер перабраняваць квіткі на іншыя рэйсы і даты амаль немагчыма.
Пасажыры выбіралі рэйсы FlyDubai менавіта з-за зручнага раскладу. Прычыну адмены рэйсаў не называюць. Паводле неафіцыйнай версіі, авіяперавозчык з-за нізкай запаўняльнасці аб’яднаў рэйсы з Мінска і Масквы.
Летам FlyDubai ужо адмяняла палёты з Мінска ў Дубай з-за абвастрэння ваенных дзеянняў у Іране і Ізраілі. Тады Belavia аператыўна арганізавала вываз пасажыраў.
Яшчэ адным непрыемным сюрпрызам для беларускіх турыстаў стала тое, што авіякампанія Red Wings менш чым за суткі да вылету адмяніла чартарныя рэйсы ў Тайланд і Шры-Ланку з Масквы. Пры гэтым пасажыры ўжо былі ў дарозе ў аэрапорт. Прычына — спрацоўванне аўтаматычнай сістэмы кантролю ціску ў кабіне пілотаў на рэйсе WZ-3091 па маршруце Новасібірск — Матала (Шры-Ланка). Для правядзення тэхправеркі і забеспячэння бяспекі авіякампанія перагледзела графік усіх наступных вылетаў. У выніку некаторыя беларускія турысты, якія планавалі адпачынак у Тайландзе і Шры-Ланцы, засталіся без вылету ў самы разгар пераднавагодняга тыдня.