У якіх гарадах Беларусі найдаражэйшая зямля?
1- 24.12.2025, 17:34
- 2,370
Складзены рэйтынг паводле кошту зямельных дзялянак.
У Беларусі абнавілі кадастравы кошт зямель жылой і сядзібнай зон. Новыя даныя прадставіў Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Вынікі ўнесены ў рэестр коштаў і будуць выкарыстоўвацца для падаткаабкладання з 1 студзеня 2026 года.
Мінск — па-за канкурэнцыяй
Найдаражэйшая зямля па-ранейшаму знаходзіцца ў Мінску. Кадастравы кошт аднаго квадратнага метра ў сталіцы складае 230,2 рубля, што на 40,6% больш, чым у 2020 годзе.
Найвышэйшы паказнік зафіксаваны ў раёне вуліцы Ціхай і праспекта Пераможцаў: участак плошчай 10 сотак тут ацэньваецца ў 683 тысячы рублёў.
Дзе яшчэ дорага: ТОП гарадоў
У дзясятку гарадоў з найвышэйшым кадастравым коштам зямлі, акрамя Мінска, увайшлі:
Заслаўе,
Фаніпаль,
Брэст,
Салігорск,
Гродна,
Мачулішчы,
Дзяржынск,
Гомель,
Лагойск.
Найдаражэйшыя раёны
Лідарам сярод раёнаў стаў Мінскі — 53,2 рубля за квадратны метр. Гэта ў 3,4 раза больш, чым у Смалявіцкім раёне, і ў паўтара раза вышэй, чым у Брэсцкім. Сярод раёнаў з высокім коштам зямлі таксама Дзяржынскі, Пухавіцкі і Уздзенскі.
Вёскі і дачы: асобны рэйтынг
Сярод вёсак першае месца займае Баравая пад Мінскам — 137,3 рубля за 1 м².
У катэгорыі садоўніцкіх таварыстваў і дачных кааператываў лідзіруе «Крынічны» ў Ждановічах — 131,9 рубля за квадратны метр. Паводле даных Дзяржкаммаёмасці, восем з дзесяці найдаражэйшых такіх арганізацый размешчаныя ў Мінскай вобласці.