Зяленскі назваў адзінае жаданне ўкраінцаў на Божае Нараджэнне
7- 24.12.2025, 19:15
- 3,090
Прэзідэнт Украіны запісаў каляднае віншаванне.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі павіншаваў Украіну з Божым Нараджэннем, зварот апублікаваны на YouTube.
Паводле яго слоў, краіна адзначае хрысціянскае свята ў цяжкі час поўнамаштабнага ўварвання Расіі.
«Не ўсе з нас у гэты вечар дома, і не ў ўсіх, на жаль, ёсць дом, і не ўсе, на жаль, сёння з намі. Але, нягледзячы на ўсе бяды, якія прынесла Расія, яна не здольная акупаваць або разбамбіць самае галоўнае. Гэта наша ўкраінскае сэрца, гэта наша вера адзін у аднаго і гэта наша адзінства», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, украінцы святкуюць Божае Нараджэнне ў адну дату, як адна вялікая сям’я. Людзі моляцца за тых, хто на фронце, каб яны вярнуліся жывымі, за тых, хто знаходзіцца ў палоне ў расійскіх акупантаў і ў захопленых частках краіны, а таксама за душы загінулых падчас вайны з РФ.
«Здаўна ўкраінцы верылі, што ў ноч на Божае Нараджэнне адчыняюцца нябёсы. І калі расказаць ім сваю мару, яна абавязкова збудзецца. Сёння мара ў нас ва ўсіх адна. І жаданне мы загадваем адно на ўсіх. «Каб ён здох», — скажа кожны пра сябе, але калі звяртаемся да Бога, вядома, просім шырэй. Просім пра мір для Украіны. Мы змагаемся за гэта. І молімся за гэта. І мы гэтага заслугоўваем», — кажа Зяленскі ў звароце.