Узброеныя сілы Украіны знішчылі расійскі «Сонцепёк»
- 25.12.2025, 9:18
- 2,028
Відэафакт.
Падраздзяленне ўдарных беспілотнікаў Lasar’s Group Нацыянальнай гвардыі Украіны знішчыла цяжкую агнямётную сістэму ТОС-1А «Сонцепёк», якая вяла агонь па перадавых пазіцыях Сіл абароны Украіны.
Пра гэта паведаміў камандуючы Нацыянальнай гвардыяй Украіны, брыгадны генерал Аляксандр Півненко.
Паводле яго слоў, падчас вядзення агню тэхніка праціўніка была выяўлена аэраразведкай 32-й асобнай механізаванай брыгады. Пасля перадачы каардынатаў пілоты цяжкіх ударных беспілотнікаў Lasar’s Group нанеслі дакладны ўдар па мэце.
«Калі тэхніка праціўніка адкрыла агонь, яе зафіксавала аэраразведка 32 ОМБр. Пасля атрымання інфармацыі ад пабрацімаў пілоты цяжкіх бомбераў Lasar’s Group дакладна адпрацавалі па варожай мэце», — заявіў Півненко.
Камандуючы таксама нагадаў, што ТОС-1А «Сонцепёк» з'яўляецца цяжкай агнямётнай сістэмай, якая выкарыстоўвае тэрмабарычныя боепрыпасы. Яна прызначаная для паражэння лёгкабраняванай і аўтамабільнай тэхнікі, а таксама будынкаў і інжынерных збудаванняў.