Беларус прыехаў на мяжу з Польшчай, выйшаў падышаць, а аўтобус з рэчамі знік з чаргі
3- 25.12.2025, 17:17
- 7,786
Што было далей?
Беларус стаў ахвярай схемы перавозчыкаў, якія прывозяць на мяжу людзей і з’яжджаюць, калі ўсе яны перасаджваюцца ў аўтобусы на пачатку чаргі, піша BGmedia.
Так, у адным з прыгранічных чатаў беларус падзяліўся непрыемнай гісторыяй. Ён прыехаў аўтобусам на мяжу Польшчы з Беларуссю і стаў у чаргу ў пункце пропуску «Тэрэспаль». Мужчына выйшаў падышаць, а калі вярнуўся, аўтобуса ўжо не было. Унутры засталіся рэчы і дакументы.
Першае паведамленне беларус напісаў у прыгранічным чате ўдзень 21 снежня, дадаўшы фота аўтобуса.

«Добры вечар. Можа, хтосьці ведае гэтага перавозчыка? З’ехаў аўтобус з чаргі, з рэчамі і дакументамі, у бок Варшавы».
На наступны дзень мужчына працягнуў: «Добры вечар. Учора пісаў пра аўтобус, які з’ехаў, рэчы і дакументы знайшліся. Цяпер шукаю чалавека».
Рэчы і дакументы атрымалася забраць толькі праз два дні, 23 снежня: «Добры дзень усім. Учора, слава богу, забраў рэчы і дакументы. Вадзіла, як заўсёды, ні пры чым. Усё зваліў на фірму, маўляў, быў сляпы, што рэчаў не заўважыў».
Некаторыя карыстальнікі чата не разумелі, як аўтобус мог з’ехаць з чаргі.
Ім патлумачылі: «Мужык выйшаў перакусіць у кавярні, а яго аўтобус з’ехаў з чаргі назад у Варшаву з усім яго багажом. Вадзіла прывёз, выгрузіў усіх і паехаў назад, калі зразумеў, што ўсе яго пасажыры злінялі наперад на падсадку. Гэта проста барыга, які, тыпу, з тур-аўтобусам на ажыятажы падзарабіць прыехаў. Калі іх прыбраць — будзе менш чарг».
Такая праблема была некалькі дзён таму, калі перад пунктам пропуску «Тэрэспаль» у чарзе сабраліся дзясяткі аўтобусаў. Беларусы прыязджалі на мяжу і перасаджваліся ў тыя аўтобусы, што стаялі бліжэй да шлагбаума. Дакладна такая ж схема працуе, калі ёсць чэргі перад пунктам пропуску «Брэст».
Беларусы распавялі ў чате, як працавала гэтая схема і як на ёй зараблялі вадзіцелі: «Мы так ехалі: замест нас зранку ў чарзе стаяў іншы аўтобус. Мы прыехалі і сталі замест яго, а ён разгарнуўся і паехаў назад дадому».
«Яны займаюць чаргу, ставяць бус на 20 чалавек, а перад мяжой змяняюць яго на аўтобус на 50+ месцаў. У выніку тыя людзі, якія прыязджаюць пазней, апынаюцца ў глыбокай дупе. Плюс перасадка каштуе 50 еўра, во і лічыце. Але бог з ім, хочаце — плаціце… Але што рабіць мамам з маленькімі дзецьмі? Людзі, пакуль мы не пачнем думаць адно пра аднаго, быць салідарнымі, мы ўсе будзем у бруду».