«У нас забраніраваныя VIP-кліенты»
4- 26.12.2025, 10:33
- 5,740
Мінскі гатэль, куды прыходзілі сілавікі, прыпыніў працу ў разгар святаў.
Гатэль «Пекін» у Мінску з 1 студзеня прыпыняе сваю працу на тэрмін да трох месяцаў, як гаворыцца ў афіцыйным тлумачэнні, дзеля рамонту сістэмы пажарнай бяспекі, паведамляе «Зеркало» са спасылкай на Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый.
24 снежня партнёры Beijing Hotel Minsk атрымалі адпаведны ліст. У паведамленні, адрасаваным, у тым ліку турыстычным кампаніям, сказана наступнае:
«Кіраўніцтва Замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Пекін-Мінск» паведамляе, што па рашэнні дзяржаўнай кіруючай кампаніі (г. Пекін, Кітайская Народная Рэспубліка) дзейнасць гасцінічнага комплексу «Пекін» (вул. Чырвонаармейская, 36) прыпыняецца для правядзення рэканструкцыі сістэмы пажарнай бяспекі. Планаваны тэрмін рэканструкцыі — да трох месяцаў, пачынаючы з 01.01.2026. Пры гэтым прыпыняецца работа аб’екта абслугоўвання (гасцініцы) і ўсіх аб’ектаў прадастаўлення паслуг, гандлю і грамадскага харчавання».
На дадзены момант браніраванне нумароў на сайце спынена — пачынаючы з 1 студзеня 2026 года. 1 студзеня гатэль ажыццяўляе толькі выезд гасцей, з 2 студзеня пражыванне немагчыма.
Беларускія турфірмы, што спецыялізуюцца на ўязным турызме і забраніравалі нумары ў гатэлі для сваіх кліентаў на навагоднія святы, апынуліся ў даволі складаным становішчы. Нечаканае прыпыненне дзейнасці гасцініцы адбылося ў высокі сезон — калядна-навагодні перыяд. Шукаць размяшчэнне для турыстаў «у апошні момант» надзвычай складана.
«У нас забраніраваныя VIP-кліенты, якія заказалі туры з размяшчэннем у пяцізоркавым Beijing Hotel Minsk. Цяпер трэба шукаць раўназначную замену, што даволі складана ў сувязі з дэфіцытам месцаў. Але нават калі нумары атрымаецца знайсці, спатрэбіцца даплата, што ўносіць змены ў першапачатковыя дамоўленасці з турыстамі. Даплата складзе каля 100 долараў за суткі пры размяшчэнні ў двухмесным нумары, кліенты не гатовыя на такія дадатковыя выдаткі», — каментуюць у турфірмах, падкрэсліваючы складанасць сітуацыі, звязанай з прыпыненнем дзейнасці «Пекіна».
Нагадаем, летам 2024 года прыпыняла працу казіно гатэля «Пекін». Гэта адбылося пасля візіту сілавікоў, якія, паводле слоў крыніцы «Зеркала», «правялі вобшукі, выламалі ўсе дзверы, разбілі камеры» ва ўстанове. Верагодна, ішлося пра рэйд дзяржаўнага наркаконтролю.