Навукоўцы расказалі, як лепш трэніравацца падчас святаў
1- 26.12.2025, 18:39
Часовая адмова ад трэніровак можа быць карыснай.
Навукоўцы лічаць, што перапынак у трэніроўках на навагоднія святы, як і працяг заняткаў, могуць быць карыснымі — гэта пытанне стратэгіі. Пра гэта паведамляе партал The Conversation.
Самы просты варыянт для падтрымання фізічнай актыўнасці ў святы — хада. Даследаванні паказваюць: чым больш крокаў за дзень, тым ніжэйшая рызыка заўчаснай смерці. Для людзей старэйшых за 60 гадоў аптымум — каля 6–8 тысяч крокаў у суткі, для больш маладых — 8–10 тысяч. Гэтай колькасці дастаткова, каб захаваць эфект кардыянагрузкі.
Калі вы прывыклі да бегу або інтэрвальных трэніровак, можна скараціць частату і працягласць заняткаў, але захаваць інтэнсіўнасць. Эфектыўны і фармат «кардыё-перакусаў»: кароткія, да 5–10 хвілін, інтэнсіўныя практыкаванні. Нават адна хвіліна актыўнай нагрузкі па карысці можа супернічаць з некалькімі хвілінамі ўмеранай актыўнасці.
Падтрымліваць мышачную масу можна і без абсталявання. Падыдуць кароткія падыходы з уласнай вагой — прысяданні, адцісканні, выпады, планка. Дастаткова 10–15 хвілін на трэніроўку, 5–7 разоў на тыдзень, па 1–2 практыкаванні на групу цягліц.
Тым, хто працягвае займацца ў зале, спецыялісты раяць трэніравацца радзей, але не зніжаць рабочыя вагі.
Фізічная актыўнасць важная не толькі для цела. Агляд даследаванняў паказвае: у дні, калі людзі рухаюцца больш, яны часцей адзначаюць лепшы настрой і меншы стрэс. Асабліва гэта актуальна ў святы, якія могуць быць не толькі радаснымі, але і эмацыйна напружанымі. Шпацыры, плаванне, ёга па 20–40 хвілін дапамагаюць знізіць трывожнасць. Дадатковы эфект дае прырода і сумесная актыўнасць — шпацыры з сям'ёй, язда на веласіпедах або нават актыўныя відэагульні.
Эксперты падкрэсліваюць: часовая адмова ад трэніровак таксама можа быць карыснай. Некалькі тыдняў адпачынку дазваляюць аднавіцца, асабліва калі год быў насычаным. Сон і расслабленне — ключавыя элементы аднаўлення, якія ў перадсвяточнай мітусні часта церпяць.