У Беларусі знік жыццёва важны прэпарат для людзей з біпалярным афектыўным расстройствам
- 27.12.2025, 4:43
- 1,536
Літый знік з аптэк без тлумачэнняў з боку Міністэрства аховы здароўя.
У пачатку снежня з беларускіх аптэк знік літый. Не «стаў радзей сустракацца», не «прадаецца па талонах», а проста знік. Пры гэтым прэпарат фармальна зарэгістраваны, ліцэнзія дзейнічае, лекары могуць працягваць яго прызначаць, пішуць «Белыя халаты».
Па словах спецыялістаў, у стацыянарах, магчыма, яшчэ засталіся нейкія запасы, але амбулаторныя пацыенты (тыя, хто пасля візіту да доктара павінен самастойна купіць лекі ў аптэцы) зрабіць гэтага не могуць.
Ніякіх афіцыйных паведамленняў ад Міністэрства аховы здароўя або «Белфармацыі» не было. Інфармацыя прыйшла па нефармальных каналах.
Высветлілася, што дакументы на пастаўку былі аформлены «неяк не так». З-за гэтага чарговая партыя прэпарата, вырабленага ў Расіі, не паступіла ў аптэкі. Калі яна з’явіцца — невядома.
У Беларусі літый прадаецца ў таблетках у форме карбанату пад гандлёвай назвай «Седаліт». Ніякіх альтэрнатыўных формаў або іншых пастаўшчыкоў, па сутнасці, няма. Менавіта «Седаліт» стаў недаступным. Да 2022 года ў краіне быў яшчэ літый айчыннай вытворчасці пад назвай «Літацэл», але з таго часу рэгістрацыя не абнаўлялася і вытворца яго больш не выпускае.
Літый быў і застаецца прэпаратам першай лініі для лячэння біпалярнага афектыўнага расстройства. Ён стаіць на першым месцы ў беларускім клінічным пратаколе ў раздзелах лячэння маніякальнага эпізоду і прафілактыкі БАР. Літый уваходзіць у першую лінію і ў міжнародных рэкамендацыях на ўсіх этапах расстройства.
Паводле даных СААЗ, з біпалярным расстройствам жывуць каля 0,5% насельніцтва. У Беларусі гэта прыблізна 45 тысяч чалавек. Вядома, літый прызначаюць не ўсім. Але для многіх пацыентаў менавіта літый з’яўляецца ключавым элементам тэрапіі.
У людзей з БАР рызыка суіцыду ў 10—20 разоў вышэй, чым у агульнай папуляцыі, і менавіта стабільны прыём літыю дазваляе знізіць гэтыя рызыкі. А вось рэзкае спыненне прыёму павялічвае верагоднасць суіцыду.