Што карысней для здароўя жанчын пасля 50 гадоў — чай ці кава?
4- 27.12.2025, 9:44
- 4,744
Навукоўцы далі дакладны адказ.
Новае даследаванне высветліла, як чай і кава з гадамі могуць уплываць на здароўе костак у жанчын.
Як піша Sciencealert, даследчыкі з Універсітэта Фліндэрса ў Аўстраліі прааналізавалі звычкі спажывання чаю і кавы прыкладна 9700 жанчын старэйшых за 65 гадоў у межах больш шырокага даследавання астэапарозу. Удзельніцы самастойна паведамлялі пра свае звычкі падчас апытанняў, якія праводзіліся 4 разы на працягу каля 10 гадоў.
У даследаванні таксама былі сабраныя даныя пра стан костак жанчын, вымераная мінеральная шчыльнасць касцяной тканкі (МШКТ) у сцягне і ў шыйцы сцягновай косткі, якая злучаецца з тазасцегнавым суставам.
У жанчын, якія пастаянна п’юць чай, адзначалася статыстычна значна вышэйшая МШКТ у сцягне, чым у жанчын, якія яго не пілі. Гэта можа быць звязана з тым, што рэчывы, якія змяшчаюцца ў чаі, могуць стымуляваць клеткі, адказныя за пабудову костак.
Што да звычак, звязаных з кавай, вынікі аказаліся неадназначнымі. У жанчын, якія выпівалі больш за 5 кубкаў кавы ў дзень, часцей адзначалася ніжэйшая МШКТ, што пацвярджае даследаванні, якія сведчаць пра негатыўны ўплыў кафеіну на засваенне кальцыю.
Спажыванне любой колькасці кавы таксама было звязана са зніжэннем МШКТ сцягновай косткі ў жанчын, якія на працягу жыцця ўжывалі больш алкаголю, што сведчыць пра тое, што ўплыў кожнага з гэтых рэчываў на здароўе костак можа ўзмацняцца пры іх сумесным ужыванні.
«Вынікі не азначаюць, што вам трэба адмовіцца ад кавы або пачаць піць чай літрамі. Але яны сведчаць, што ўмеранае спажыванне чаю можа быць адным з простых спосабаў падтрымаць здароўе костак, а вельмі высокае спажыванне кавы можа быць непажаданым, асабліва для жанчын, якія ўжываюць алкаголь», - пракаментаваў вынікі даследавання эпідэміёлаг з Універсітэта Фліндэрса Энву Лю.