Як беларусам абараніць свой Новы год ад «рускага міру»
8- 27.12.2025, 15:21
- 6,340
Рытуалы і сімвалы маюць значэнне.
Традыцыйныя атрыбуты святкавання Новага года ў Беларусі маюць уражліва мала дачынення да нашай краіны. Бой курантаў, «Савецкае шампанскае» ў келіхах, «Іронія лёсу» з экрана і навагодні канцэрт з расійскімі зоркамі — для многіх беларусаў гэта фон дзяцінства, нешта «само сабой зразумелае». Насамрэч гэта мяккая сіла прарасійскай прапаганды і, магчыма, яе найбольш дзейсны інструмент, піша BGmedia.
Што не так з курантамі?
Перш за ўсё нагадаем, што святкаванне Новага года ў звыклым нам (то бок, савецкім) фармаце — адносна нядаўняе вынаходніцтва. Толькі ў 1947 годзе 1 студзеня зноў зрабілі афіцыйным выходным днём, каб з’явілася «агульнае свецкае свята» без рэлігійнага падтэксту.
Цэнтральным момантам навагодняй ночы ў СССР стаў бой гадзінніка на Спаскай вежы Крэмля. Па ўсіх саюзных каналах паказвалі адну і тую ж карцінку: Масква, Чырвоная плошча, крэмлёўскія куранты, праграмная прамова, гімн і тост. Гэта схема ў нязменным выглядзе дажыла да сённяшняй Расіі.
Для беларусаў, якія дзесяцігоддзямі жылі ў гэтым інфармацыйным полі, Новы год аўтаматычна «прывязаны» да Крэмля. Мы сустракаем свята «пад бой курантаў», нават калі ніякіх курантаў няма зусім. Гэтую звычку свядома фарміравала савецкае, а потым расійскае тэлебачанне. Ці пазбаўляцца ад яе — справа кожнага, але ўсведамляць навязанае звонку неабходна.
На цёмным фоне — выява Маскоўскага Крэмля
Цэнтральным момантам навагодняй ночы ў СССР стаў бой гадзінніка на Спаскай вежы Крэмля.
«Шампанскае для пралетарыяту»
За, здавалася б, бяскрыўдным «Савецкім шампанскім» таксама стаіць цалкам канкрэтная палітыка. У 1930-я савецкая ўлада вырашыла зрабіць «буржуазную раскошу» масавым прадуктам. Па асабістым рашэнні Сталіна былі створаныя вінныя трэсты, задачай якіх стала вытворчасць таннага ігрыстага — «шампанскага для пралетарыяту».
Пасля распаду СССР гэтыя бутэлькі працягвалі разліваць ужо ў постсавецкіх краінах, пад той самай або крыху змененай назвай. У выніку фактычна мы п’ем беларускае або ўкраінскае ігрыстае, а на сталах — усё роўна «савецкае». Брэнд працуе як эмацыйны якар: маўляў, «так святкавалі заўсёды». Гэта выключна паспяховая савецкая кампанія, якую, як ні сумна, мы прасоўваем самі. Але, выстаўляючы на святочны стол такія знаёмыя зялёнаватыя бутэлькі са словам «савецкае», варта памятаць, што «савецкае» — гэта яшчэ і нямысцімая колькасць рэпрэсій, знішчэнне ўсяго нацыянальнага і татальная крывадушнасць уладаў. Ці сапраўды нам патрэбныя такія атрыбуты?

«Блакітны агеньчык» і расійская эстрада на нашых кухнях
Яшчэ адны непрошаныя «госці» беларускіх навагодніх святкаванняў — зоркі расійскай эстрады. Фармат застольнага канцэрта з жартамі і тостамі ўзнік у СССР у 1960-я ў выглядзе праграмы «Блакітны агеньчык». Яна задумвалася як сімвал таго, што «ўся краіна збіраецца за адным сталом».
У постсавецкі час ідэя засталася той самай, толькі героі змяніліся на поп-зоркі і артыстаў — ударнікаў прапагандысцкага фронту. У выніку разам з «шампанскім» і салатам «Аліўе» ў нашы дамы трапляе мадэль свету, дзе па змаўчанні галоўная сцэна — маскоўская, галоўныя жарты — расійскія, а беларускім артыстам, калі і знойдзецца месца, дык недзе на перыферыі вялікага «агульнага свята».
«Іронія лёсу» як сімвал савецкай нармальнасці
Нарэшце, асобная лінія — савецкія навагоднія фільмы, перш за ўсё «Іронія лёсу, або З лёгкай парай!». Знятая ў 1970-я, гэтая камедыя стала амаль абавязковай часткай навагодняга эфіру. Расійскія тэлеканалы круцяць яе штогод, каб гледачы ведалі на памяць ужо не толькі сюжэт, але і паслядоўнасць сцэн.
У выніку нават новыя пакаленні беларусаў растуць, акружаныя тыповым савецкім кантэкстам: аднолькавыя двары, тыпавыя кватэры, «вялізная краіна», дзе «ад Брэста да Уладзівастока» ўсё адно і тое ж. Кожная такая трансляцыя — мяккае напамінанне пра нармальнасць гэтай уніфікацыі, маўляў, так і павінна быць, што Масква і Ленінград (цяпер Санкт-Пецярбург) — цэнтр сусвету. Калі ў навагоднюю ноч галоўныя тэлеканалы зноў і зноў будуюць сетку вяшчання вакол расійскіх фільмаў і канцэртаў, у беларускага гледача амаль не застаецца шанцу разгледзець нашу рэальнасць.
Чаму гэта сапраўды важна?
Вядома, можна запярэчыць: «Што тут такога, усяго толькі даніна традыцыям, настальгія, тыя самыя фільмы…». Але ў сітуацыі, калі Беларусь палітычна і эканамічна ўсё мацней залежыць ад Масквы, такія «дробязі» ператвараюцца ў інфраструктуру рускасці.
Кожная навагодняя ноч з святкаваннем паводле чужога сцэнарыя — чарговая цаглінка ў адчуванні, што «нармальна» арыентавацца на расійскую карціну свету.
Нягледзячы ні на што, у Беларусі ёсць свае сімвалы свята, свае традыцыі і артысты. Так, яны не ўваходзяць у нашы дамы «з нагі», як расійскія. Але мы заўсёды можам звярнуцца да іх, варта толькі свядома зрабіць невялікую высілку. Бо Новы год — час, калі мы развітваемся з мінулым і праектуем будучыню.