У цэнтры Мінска на вуліцах заўважылі лася
7- 28.12.2025, 10:17
- 3,382
Дзікую жывёлу магла прывабіць соль.
Жыхары Мінска паведамілі, што па вуліцах ходзіць лось. У якасці доказу апублікавалі і фота «байца», піша «Тэлеграф».
«Куды бяжыць гэты баец? Будзьце асцярожныя на дарогах у Мінску», — параіў адзін з відавочцаў.
Судзячы па фота, лось заблукаў у раёне вуліцы Леаніда Бяды. А гэта амаль самы цэнтр сталіцы. Дарэчы, на дарогу дзікую жывёлу магла прывабіць соль, якой дарожнікі пасыпаюць праезную частку зімой.
Увогуле, вялікія лясныя масівы паблізу і ў межах гарадской рысы Мінска спрыяюць з’яўленню жывёл на вуліцах. Таксама ў гарадах ласям нават прасцей знайсці даступны корм.
Восенню (а сёлетні снежань ад яе не надта адрозніваецца) у ласёў пачынаецца перыяд гону. Самцы становяцца больш актыўнымі і менш асцярожнымі, яны могуць пераадольваць вялікія адлегласці ў пошуках самак, выпадкова заходзячы і ў гарады. Тое самае датычыць і маладых асобін, якія проста нявопытныя і могуць заблукаць.