СБУ затрымала агента беларускіх спецслужбаў
3- 29.12.2025, 13:22
- 4,674
Мужчына шпіёніў за пазіцыямі ўкраінскіх вайскоўцаў.
Служба бяспекі Украіны затрымала ў Кіеве агента, які адначасова працаваў на расійскія і беларускія спецслужбы. Па заданні Памежнага камітэта Беларусі мужчына шпіёніў за пазіцыямі ўкраінскіх вайскоўцаў, а для расійскіх куратараў карэктаваў удары па энергетычных аб’ектах сталічнага рэгіёна, паведамляе СБУ.
Затрыманы — мясцовы разнарабочы, якога завербавалі праз тэлеграм-каналы за яго пракрамлёўскія каментары.
Мужчына вёў назіранне за адной з кіеўскіх ЦЭЦ проста з акна ўласнай кватэры, а таксама выязджаў да аб’ектаў, каб ацаніць іх тэхнічны стан пасля папярэдніх абстрэлаў. Гэтую інфармацыю расіяне планавалі выкарыстаць для новых атак, каб пакінуць жылыя дамы і сацыяльную інфраструктуру Кіева без ацяплення, паведамляе СБУ.
Паводле паведамлення, мужчына спадзяваўся, што пасля выканання заданняў яго эвакуіруюць за межы краіны. Аднак супрацоўнікі СБУ затрымалі яго.
Зараз мужчына знаходзіцца пад вартай, яму паведамлена пра падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе. За дапамогу ворагу ва ўмовах ваеннага становішча затрыманаму пагражае пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці.