У Польшчы затрымалі ўдзельнікаў схемы імпарту фанеры з Беларусі і РФ
3- 29.12.2025, 15:16
- 3,026
Пяцярых чалавек абвінавачваюць у абыходзе санкцый Еўразвязу.
Трое грамадзян Польшчы і двое расіян затрыманыя 18 снежня ў Польшчы за арганізацыю імпарту драўніны з Беларусі і Расіі ў абыход санкцый, паведамляе Акруговая пракуратура Гданьска.
Затрыманыя — мужчыны ва ўзросце ад 43 да 64 гадоў. Ім прад'яўленыя абвінавачанні паводле п. 1 ч. 1 арт. 15 закона ад 13 красавіка 2022 года «Аб спецыяльных рашэннях у сферы супрацьдзеяння падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароны нацыянальнай бяспекі», а таксама паводле §2 арт. 87 Падаткова-крымінальнага кодэкса і іншых артыкулаў, якія датычацца імпарту ў Польшчу драўнянай прадукцыі (у выглядзе фанеры і драўляных планак), што падпадае пад нетарыфнае рэгуляванне і санкцыі Еўразвязу.
Заяўляецца, што ў 2022–2024 гадах група суб'ектаў, зарэгістраваных у Паморскім ваяводстве, абыходзіла санкцыі ЕС, уведзеныя ў дачыненні да РФ і Беларусі ў сувязі з агрэсіяй супраць Украіны (абноўленыя рэгламенты Рады ЕС №765/2006 ад 18 траўня 2006 года і №833/2014 ад 31 ліпеня 2014 года).
Паводле інфармацыі пракуратуры, асобы, што дзейнічалі ад імя суб'ектаў польскага рынку, «выкарыстоўвалі розныя механізмы абыходу санкцый, у тым ліку імітавалі пастаўкі нібыта на выкананне раней заключаных дамоваў з расійскімі і беларускімі кантрагентамі, указвалі фіктыўнае паходжанне драўняных тавараў з Казахстана і Турцыі, а таксама маркіравалі тавары няправільным кодам мытнай тарыфнай класіфікацыі, які ствараў уражанне пастаўкі прадукцыі, што не падпадае пад санкцыі».
Варта адзначыць, што пракурор прасіў змясціць усіх затрыманых пад арышт на 3 месяцы, але суд у Гданьску ў гэтым адмовіў, палічыўшы, што фігуранты справы не будуць перашкаджаць расследаванню. На рашэнне суда пададзена апеляцыя.
Як паведамляў «Позірк», у траўні Мытна-падатковая служба (МПС) Мазавецкага ваяводства пад наглядам Акруговай пракуратуры ў Варшаве пачала расследаванне па фактах мытнага махлярства і злачынстваў, звязаных з парушэннем санкцый ЕС на імпарт бярозавай фанеры з Беларусі і РФ. Тады траіх падазраваных змясцілі пад варту на 3 месяцы.
У канцы студзеня 2025 года арганізацыя Earthsigth паведамляла ў сваім расследаванні, што з ліпеня 2022-га, калі Еўразвяз увёў абмежаванні на імпарт прадукцыі дрэваапрацоўкі з Беларусі і Расіі, да кастрычніка 2024-га ў ЕС набылі падсанкцыйнай фанеры з гэтых краін на 1,5 млрд еўра.
Фанера з Беларусі і РФ афармляецца як прадукцыя, вырабленая ў іншых краінах, напрыклад у Кітаі, Казахстане, Грузіі і Турцыі, пасля чаго адпраўляецца на еўрапейскі рынак. Найбуйнейшымі імпарцёрамі выступаюць Польшча, Эстонія, Германія, Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія. Кожны дзень, сцвярджалася ў расследаванні, у ЕС увозяць 22 кантэйнеры з падсанкцыйным таварам.