Пуцін дазволіў сабе, дэпутатам і чыноўнікам не дэклараваць даходы
10- 29.12.2025, 15:53
- 3,244
Кантроль за фінансамі стане закрытым для грамадства.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін зняў з сябе, з дзяржслужачых і з дэпутатаў абавязак штогод дэклараваць даходы і маёмасць. Адпаведныя законы былі падпісаныя 28 снежня. Іх прынялі за 2,5 тыдня. Паводле паправак, з 2026 года дэкларацыі будуць патрабавацца толькі пры паступленні на дзяржаўную службу, прызначэнні на новую пасаду, пераводзе ў іншы орган улады і ўключэнні ў федэральны кадравы рэзерв. Таксама давядзецца справаздачацца аб даходах пры здзяйсненні здзелак на суму, якая перавышае трохгадовы заробак сям’і. Гэта можа быць купля кватэры, акцый або крыптавалюты. Акрамя таго, дэкларацыі павінны будуць падаваць тыя чыноўнікі і службовыя асобы, якія збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, піша The Moscow Times.
Таксама Пуцін адмяніў абавязковае публікаванне дэкларацый у інтэрнэце. Гэта патрабаванне было скасавана ў 2022 годзе, але тады заяўлялася, што яно не будзе дзейнічаць толькі на час вайны з Украінай. Адзін з аўтараў паправак, кіраўнік думскага камітэта па бяспецы і супрацьдзеянні карупцыі Васіль Піскароў называў штогадовую падачу дэкларацый «архаічнай сістэмай», сцвярджаючы, што адмена гэтага абавязку «дапаможа павысіць эфектыўнасць барацьбы з карупцыяй». Яго калега, дэпутат-адзінарас Дзмітрый Вяткін, скардзіўся, што цяпер прадстаўнікоў улады прымушаюць справаздачацца «на пацеху публіцы».
Абавязак штогод дэклараваць даходы быў уведзены для чыноўнікаў і дэпутатаў у 1995 годзе. Цяпер сачыць за іх фінансавым станам будзе закрытая дзяржаўная сістэма «Пасейдон», куды пачнуць паступаць звесткі пра даходы, выдаткі, маёмасць і абавязанні службовых асоб ад банкаў і дзяржаўных органаў. Доступ да яе атрымаюць толькі Федэральная служба аховы (ФСО) і адміністрацыя прэзідэнта. Сілавікі будуць мець права запытваць дадзеныя пры неабходнасці.
Яшчэ адзін падпісаны закон дазваляе Пуціну прызначаць чыноўнікаў без антыкарупцыйных фільтраў. Раней былым дзяржслужачым на працягу двух гадоў пасля звальнення трэба было атрымліваць згоду камісіі па ўрэгуляванні канфлікту інтарэсаў для працы ў арганізацыях, якімі яны кіравалі.
Доступ да Адзінага дзяржаўнага рэестра нерухомасці Пуцін закрыў яшчэ ў ліпені 2022 года. З таго часу звесткі адтуль могуць атрымаць толькі ўладальнікі такой маёмасці, іх сужэнцы, а таксама супрацоўнікі дзяржаўных органаў і натарыусы. Астатнім выпіска прадастаўляецца толькі са згоды ўладальніка нерухомасці.