У Мінску з аўкцыёну прадалі «палову пакоя» і амаль 11 «квадратаў» у камуналцы
4- 29.12.2025, 18:44
- 2,808
Што гэта за здзелкі?
Калі кватэра адна, а ўласнікаў у яе — як гарошын у струку, гэта амаль заўсёды кепска. Асабліва калі хтосьці з шматлікіх уладальнікаў пагражае прадаць сваю долю або не прызнае камунальнай «кабалы». Рана ці позна па рахунках плаціць усё роўна давядзецца — праўда, ужо метрамі, піша Onlíner.
Здавалася б, які наогул сэнс у пакупцы чвэрці ў трохпакаёўцы або пакоя ў шасціпакаёвай кватэры? Але сэнс у гэтым, як паказвае практыка аўкцыёнаў, ёсць.
— Пакупка доляў у жыллі з аўкцыёну выклікае жывы інтарэс, што ўплывае на рост канчатковай сумы продажу, — адзначаюць у РУП «Інстытут нерухомасці і ацэнкі», які з’яўляецца арганізатарам аўкцыёну.
Вясной 2025-га, напрыклад, з аўкцыёну выкупілі ¼ кватэры па вуліцы Ванеева, 10 (Партызанскі раён).

Таргі за метры ў трохпакаёўцы агульнай плошчай 61,1 «квадрата» ў доме, пабудаваным у 1966 годзе, былі не першымі. Стартовая цана, ужо зніжаная за час папярэдніх спробаў продажу на 40%, складала 16 020 рублёў ($5440 у эквіваленце). Крок таргоў складаў 5%, або 801 рубель. Пераможца выкупіў лот за 22 428 рублёў ($7616 па курсе).

Намінальна новы ўласнік набыў ¼ кватэры, гэта значыць крыху больш за 15 «квадратаў». Астатнія метры ў кватэры належаць дзяржаве (63/100 доляў), а таксама іншаму ўласніку (12/100 доляў).
Аднак жылая плошча трохпакаёўкі паводле тэхпашпарта абазначана так: пакой на 11,5 «квадрата» і два пакоі па 17,2 «квадрата». Як у гэтых пакоях знайсці свае 15 квадратных метраў? Праблема ў тым, што яны «раскіданыя» па ўсёй плошчы трохпакаёўкі: не толькі жылой, але і агульнай. Іншымі словамі, набываючы чвэрць у трохпакаёўцы, пакупнік атрымаў, умоўна кажучы, палову пакоя і патроху «квадратаў» ад іншых памяшканняў: кухні, калідора, санвузла.

Чаму так? У гэтай трохпакаёўкі ёсць вялікі і нязручны мінус: у кватэры долі не выдзелены як пакоі. Гэта значыць, што ў кожнага ўласніка ёсць доля не ў жылой, а ў агульнай уласнасці. Вызначаць, якая канкрэтна частка нерухомасці каму належыць, павінны самі гаспадары.

Дарэчы, пакупнік унёс арганізатару аўкцыёну яшчэ і 9% ад канчатковай сумы лота як узнагароджанне за правядзенне таргоў, гэта значыць яшчэ 2018 рублёў ($685 у эквіваленце). У выніку 15 «квадратаў» з хвасцікам, тэрытарыяльнае размяшчэнне якіх у трохпакаёўцы вызначыць складана, абышліся новаму ўладальніку ў $8301.

У кастрычніку гэтага года знайшоўся пакупнік і на 7/50 доляў у шасціпакаёвай камуналцы Мінска на вуліцы Пухавіцкая, 5 (Кастрычніцкі раён). Агульны метраж класічнай камунальнай кватэры — 103 «квадрата».

З аўкцыёну была прададзена яе частка — пакой плошчай 10,84 квадратнага метра, які належаў уласніку, што не аплачваў ЖКП.

Цана на паўторных таргах стартавала з 33 155 рублёў ($11260 у эквіваленце) — з моманту папярэдняга аўкцыёну нерухомасць патаннела на 5%. Крок таргоў складаў 5% — 1657 рублёў (каля $570 па курсе).
У выніку пераможца заплаціў за пакой 34 812 рублёў (амаль $12 тысяч у эквіваленце), а таксама 9% ад гэтай сумы (1300 рублёў, або $1075 па курсе) арганізатарам аўкцыёну.