Forbes: Бейонсе стала пятай музыканткай-мільярдэркай
- 29.12.2025, 19:43
- 1,458
Новы статус спявачкі звязваюць з леташнім кантры-альбомам Cowboy Carter.
Бейонсе ўвайшла ў спіс музыкаў з капіталам больш за мільярд долараў, стаўшы пятай артысткай, якая дасягнула гэтага ўзроўню. Пра гэта паведамляе Forbes.
Новы статус спявачкі звязваюць з леташнім кантры-альбомам Cowboy Carter і аднайменным турам, які ў 2025 годзе стаў адным з самых касавых. Выручка ад продажу квіткоў перавысіла $400 мільёнаў, а дадаткова каля $50 мільёнаў прынёс мерч.
Поўны кантроль над прадакшнам праз уласную кампанію Parkwood Entertainment дазволіў Бейонсе атрымаць больш высокую прыбытковасць. Паводле ацэнак, у 2025 годзе яе даход да выплаты падаткаў склаў $148 мільёнаў, што прынесла ёй трэцяе месца сярод самых высокааплатных музыкаў свету.
Паводле Forbes, у спісе мільярдэраў цяпер 22 артысты, сярод якіх пяцёра музыкаў. У гэты пералік, акрамя Бейонсе, увайшлі Джэй-Зі, Брус Спрынгстын, Рыяна і Тэйлар Свіфт.
Бейонсе (Жызэль Ноўлз-Картер) — амерыканская спявачка і аўтарка песень у жанры R&B. Выданне Rolling Stone ўключыла яе ў пералік найвялікшых вакалістак усіх часоў.
Артыстка мае шматлікія ўзнагароды, сярод якіх 32 прэміі «Грэммі», 26 MTV Video Music Awards, 24 NAACP Image Awards, 35 BET Awards і 17 Soul Train Music Awards. Часопіс Time адзначыў Бейонсе ў спісе 100 жанчын, якія паўплывалі на XXI стагоддзе.
Да самых паспяховых кампазіцый спявачкі адносяцца Crazy in Love, Baby Boy, Irreplaceable, If I Were a Boy, Halo, Single Ladies (Put a Ring on It) і Run the World (Girls).