Лукашэнка зацвердзіў чарговыя змены для індывідуальных прадпрымальнікаў
1- 29.12.2025, 19:51
- 5,046
Падрабязнасці.
Для індывідуальных прадпрымальнікаў уводзяць чарговыя навацыі — Аляксандр Лукашэнка падпісаў спецыяльны закон, які датычыцца іх дзейнасці, перадае «Зеркало».
У Мінэканоміцы раней тлумачылі, што цяперашнія змены звязаныя з іншымі карэкціроўкамі для ІП — скарачэннем спісу відаў дзейнасці, якімі ім можна займацца.
«Дакументам ажыццёўлена карэкціроўка 26 законаў у розных сферах праваадносін, у тым ліку трох кодэксаў, — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі. — Канкрэтызуецца кола фізічных асоб, якім адрасаваныя нарматыўныя прадпісанні: альбо ўсе грамадзяне, альбо толькі асобы, што не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, альбо толькі грамадзяне-прадпрымальнікі».
Пры гэтым прэферэнцыі, якія раней былі прадугледжаныя для мікрапрадпрыемстваў, цяпер будуць распаўсюджвацца і на арганізацыі з колькасцю да 50 чалавек.
У Мінэканоміцы раней паведамлялі, што калі ІП захоча перарэгістравацца ў спрашчаным фармаце ў камерцыйную арганізацыю, то да яе перайдуць яго правы і абавязкі.
Раней чыноўнікі з 1 кастрычніка мінулага года спынілі рэгістрацыю ІП па асобных відах дзейнасці. Пры гэтым некаторым з дзейных прадпрымальнікаў трэба да канца 2025-га альбо перайсці ў юрыдычную асобу, альбо закрыцца.
Напрыклад, чыноўнікі прыбралі з пераліку відаў дзейнасці, якімі і ў 2026 годзе змогуць займацца ІП, аптовы гандаль. Рознічны ў гэтым спісе застаўся. Таксама скарацілі віды дзейнасці ў будаўніцтве. Заставілі, у тым ліку, электрамантажныя, санітарна-тэхнічныя, ізаляцыйныя, тынкавальныя, сталярныя, цяслярскія, малярныя і шклярныя работы. А яшчэ — мантаж і ўстаноўка іншага інжынернага абсталявання, уладкаванне пакрыццяў падлогі і абліцоўку сцен. Ёсць таксама пункты «іншыя аздобныя работы» і «іншыя спецыяльныя будаўнічыя работы».
З 2026 года для індывідуальных прадпрымальнікаў будуць адмененыя некаторыя віды дзейнасці, звязаныя з раслінаводствам, грузаперавозкамі і дапаможнымі фінансавымі паслугамі (акрамя страхавання).