29 снежня 2025, панядзелак, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін паскардзіўся Трампу на «спробу» Украіны атакаваць сваю рэзідэнцыю

11
Пуцін паскардзіўся Трампу на «спробу» Украіны атакаваць сваю рэзідэнцыю
Фота: Getty Images

Прэзідэнт Украіны абверг абвінавачанне.

Памочнік дыктатара Расіі Уладзіміра Пуціна Юрый Ушакоў пракаментаваў апошнюю тэлефонную размову свайго начальніка і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Па яго словах, Пуцін падчас яе пераконваў свайго амерыканскага калегу ў нібыта вераломнасці ўкраінцаў.

Паводле слоў Ушакова, Пуцін падчас тэлефоннай размовы звярнуў увагу Трампа на тое, што «адразу пасля перамоваў» у Фларыдзе Украіна нібыта спрабавала атакаваць рэзідэнцыю прэзідэнта РФ:

«Прэзідэнт ЗША быў шакаваны гэтым паведамленнем, у літаральным сэнсе абураны, сказаў, што нават не мог падумаць пра такія вар’яцкія дзеянні».

Ушакоў таксама працытаваў амерыканскага прэзідэнта, які нібыта сказаў, што адміністрацыя ЗША, «дзякуй богу, не давала «Тамагаўкі» Кіеву», і паабяцаў змяніць «амерыканскія падыходы ў працы з Зяленскім».

Пуцін, паводле слоў Ушакова, адзначыў, што Расія цяпер перагледзіць сваю пазіцыю і што некаторыя дамоўленасці паміж Трампам і Зяленскім нібыта пакідалі Украіне «поле для інтэрпрэтацый», каб ухіліцца ад узятых на сябе абавязацельстваў.

Пра нібыта спробу начнога нападу 191 беспілотнікам на рэзідэнцыю Пуціна ў Ноўгарадскай вобласці першым паведаміў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Пры гэтым яго даныя аб колькасці беспілотнікаў відавочна супярэчылі звесткам, якія раніцай падавала Міністэрства абароны Расіі. Прэзідэнт Украіны адразу ж абверг сцвярджэнні Лаўрова, заявіўшы, што гэтай заявай расіяне «проста рыхтуюць глебу для таго, каб нанесці ўдары па сталіцы [Украіны] і па дзяржаўных будынках».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абверг дэзінфармацыю пра нібыта атаку 191 украінскага беспілотніка на рэзідэнцыю Пуціна ў Ноўгарадскай вобласці і абвінаваціў Расію ў хлусні, піша «Суспільне». Ён звязаў з’яўленне гэтых абвінавачванняў са сваімі паспяховымі перамовамі з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Мар-а-Лага.

На думку Зяленскага, Масква спрабуе стварыць інфармацыйны фон для эскалацыі, бо прагрэс у адносінах Украіны і ЗША з’яўляецца «правалам для расіян».

«Расіяне не хочуць скончыць гэтую вайну. Сваёй заявай, што была атакаваная нейкая рэзідэнцыя, яны проста рыхтуюць глебу для таго, каб нанесці ўдары па сталіцы [Украіны] і па дзяржаўных будынках», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Зяленскі нагадаў пра ракетны ўдар па будынку Кабінета Міністраў Украіны ў верасні і заклікаў украінцаў быць максімальна ўважлівымі да сігналаў трывогі ў найбліжэйшы час.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках