Міністр абароны Іспаніі: Пуцін не можа навязаць умовы міру для Украіны
- 29.12.2025, 23:54
Мадрыд будзе і надалей падтрымліваць Кіеў.
Міністр абароны Іспаніі Маргарыта Роблес выступае супраць таго, каб Украіна саступала тэрыторыю ў абмен на мір. Пра гэта яна заявіла ў праграме La Hora de La 1 на тэлеканале TVE.
«Абсалютна не», — сказала яна, адказваючы на пытанне, ці павінна Украіна, як кажа прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, саступіць тэрыторыю Расіі.
«Украінцы заслугоўваюць справядлівага і трывалага міру, але яго павінна ўсталяваць сама Украіна. Пуцін не можа яго навязаць. Іспанія павінна працягваць падтрымліваць Украіну», — дадала міністр.