Малайзія аднаўляе пошукі авіялайнера, які знік 10 гадоў таму
2- 3.12.2025, 16:06
- 4,990
Ці ўдасца разгадаць адну з галоўных загадак у гісторыі авіяцыі?
Пошукі абломкаў Boeing авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH370 з Куала-Лумпура ў Пекін, адновяцца 30 снежня, праз больш як 10 гадоў пасля знікнення самалёта, на борце якога было 239 чалавек. Пра гэта паведамілі ўлады Малайзіі, перадае BBC.
Гэта працяг пошукаў, якія пачаліся ў сакавіку гэтага года, але неўзабаве былі прыпыненыя з-за дрэнных пагодных умоў.
Як плануецца, пошукавая аперацыя працягнецца 55 дзён. Дзе менавіта будуць праходзіць пошукі, не паведамляецца.
«Апошнія падзеі падкрэсліваюць імкненне [Малайзіі] забяспечыць падтрымку сем'ям, якія пацярпелі ад гэтай трагедыі», — заявіла ў сераду Міністэрства транспарту, паведамляюць мясцовыя СМІ.
Самалёт Boeing 777, які выконваў рэйс MH370, знік 8 сакавіка 2014 года. Пасля загадкавага знікнення лайнера пачаліся наймаштабнейшыя і найдаражэйшыя пошукі ў гісторыі авіяцыі.
Пошукі вядзе кампанія Ocean Infinity. Умовы кантракта прадугледжваюць, што кампанія не атрымае ніякага грашовага ўзнагароджання ў выпадку, калі абломкі лайнера не будуць знойдзеныя.
У выпадку выяўлення абломкаў Ocean Infinity атрымае 70 млн долараў, пра гэта раней заявіў міністр транспарту Локе Сью Фук.
У пошуках, што пачаліся пасля знікнення лайнера, бралі ўдзел многія краіны, было задзейнічана каля 60 суднаў і 50 самалётаў з 26 краін.
Знікненне рэйса MH370 Malaysia Airlines 10 гадоў таму называюць «адной з галоўных загадак у гісторыі авіяцыі».