Як Лукашэнка ў Алжыры распавядаў чарговую «казку пра белага бычка»
6- 3.12.2025, 16:52
- 13,050
Параўнаем выказванні кіраўніка за розныя гады.
Падчас візіту Лукашэнкі ў Алжыр звыкла завёў размову пра неабходнасць паглыбляць супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, каб «значна нарасціць» аб’ём узаемнага гандлю, піша «Салідарнасць».
Як рапартуе прапаганда, тавараабарот прыкметна вырас за апошнія гады. Па выніках 2024-га ён склаў крыху больш за $49 млн. Для параўнання: да кавіднага 2020-га аб’ём узаемнага гандлю ў сярэднім балансаваў на адзнацы ў 10 млн, а ў 2023-м склаў усяго 3 млн.
А цяпер узгадаем, што пра неабходнасць паглыбляць і нарошчваць Лукашэнка казаў у папярэднія гады.
Лічу, што цяпер неабходна больш актыўна асвойваць існуючы патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўніцтва, пашыраючы і ўмацоўваючы сувязі паміж дзелавымі коламі дзвюх краін.
2010 год
У 2015-м кіраўнік называў Алжыр «надзейным партнёрам Беларусі на афрыканскім кантыненце» і заклікаў «прыкласці максімум намаганняў для павелічэння двухбаковага гандлю, пашырэння дзелавой кааперацыі, рэалізацыі сумесных праектаў у розных сферах».
Але праз тры гады стала зразумела і самому кіраўніку, што ў гэтым напрамку справы ідуць не надта добра. Пра гэта ён распавёў на сустрэчы з тагачасным кіраўніком МЗС Алжыру Абдэлькадэрам Мессахелем.
Той узровень адносін, які ў нас існуе з вашай сяброўскай краінай, нельга прызнаць задавальняльным. Тым больш на фоне падзення гандлёва-эканамічных сувязяў. У гэтым і ваша, і наша віна.
2018 год
А гэта найсвяжэйшая цытата, якая прагучала падчас цяперашняга візіту:
«У апошнія гады дынаміка нашых адносін значна ўзмацнілася, і ў гэтым напрамку нам трэба рухацца. Але той тавараабарот, які мы маем на сённяшні дзень, зусім не адлюстроўвае патэнцыялу нашых краін. Мы правялі тут форум дзелавых колаў Беларусі і Алжыру, устанавілі адносіны непасрэдна паміж кампаніямі. Думаю, нам удасца значна павялічыць тавараабарот. Мы абавязковыя людзі і будзем неўхільна выконваць нашы дамоўленасці. Тармажэння з нашага боку не будзе».
Але ці верыць у гэта сам Лукашэнка — вялікае пытанне. На нядаўняй нарадзе па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі ён звярнуўся да міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, які пабываў у Алжыры: «Спазніліся мы ў Алжыр з нашай прадукцыяй ці не?»