У Індыі зграя бадзяжных сабак выратавала пакінутае немаўля
11- 3.12.2025, 19:47
- 7,542
Жывёлы ўсю ноч ахоўвалі малога.
У індыйскім горадзе Навадвіп зграя бадзяжных сабак на працягу ночы ахоўвала пакінутага нованароджанага хлопчыка, пакуль яго не выявілі і не выратавалі мясцовыя жыхары, піша The Times of India.
Уначы жыхары чулі дзіцячы плач, але большасць вырашыла, што крыкі даносяцца з суседняга дома. Толькі на світанку Радха Бхоўмік, якая накіроўвалася ў вулічную прыбіральню, выявіла немаўля, акружанае сабакамі. Жывёлы не пашкодзілі дзіцяці — наадварот, яны, відаць, абаранялі яго ад магчымых небяспек.
«Гэтыя сабакі, якіх мы часта праганяем, зрабілі тое, чаго не зрабілі б многія людзі. Яны захавалі дзіцяці жыццё», — адзначыла Бхоўмік.
Пасля гэтага жанчына неадкладна адвезла немаўля ў бальніцу. Лекары пацвердзілі, што нованароджаны не мае вонкавых пашкоджанняў — толькі сляды родавой крыві на галаве. Стан нованароджанага стабільны, яго перавялі ў раённую бальніцу для далейшага назірання.
Паліцыя пачала расследаванне, падазраваючы, што дзіця пакінуў хтосьці з мясцовых жыхароў неўзабаве пасля родаў. Разам з арганізацыяй Childline улады вырашаюць пытанне аб доўгатэрміновай апецы над хлопчыкам.