У Польшчы афіцыйна забаранілі Камуністычную партыю
5- 3.12.2025, 21:21
- 4,378
Партыя праіснавала ў краіне больш за 20 гадоў.
Канстытуцыйны трыбунал Польшчы прыняў рашэнне аб забароне дзейнасці Камуністычнай партыі РП, прызнаўшы, што яе праграма і ідэалогія супярэчаць палажэнням польскай Канстытуцыі.
Пра гэта паведамляе RMF24.
Суд пастанавіў, што палітычная сіла павінна быць неадкладна выключана з афіцыйнага рэестра партый. Гэта фактычна азначае спыненне яе існавання і ліквідацыю арганізацыі.
Абвяшчаючы рашэнне, суддзі падкрэслілі, што, улічваючы злачынствы камуністычнага рэжыму і мільёны ахвяр рэпрэсій, дзейнасць партыі непрымальная ў дэмакратычнай прававой сістэме.
«У польскім заканадаўстве няма месца для партыі, якая ўслаўляе злачынствы камуністычнага рэжыму», — адзначылі ў трыбунале.
Рашэнне — вынік шматгадовага працэсу. Упершыню пытанне аб ліквідацыі Камуністычнай партыі РП было ініцыявана яшчэ ў 2020 годзе на ўзроўні генеральнага пракурора. У лістападзе гэтага года прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі паўторна падаў адпаведны запыт.
Камуністычная партыя Польшчы была створаная ў 2002 годзе. Паводле розных ацэнак, яе колькасць вагалася ад некалькіх соцень да прыблізна тысячы сябраў.
Рашэнне трыбунала ставіць кропку ў гісторыі гэтай сілы, якая на працягу ўсіх гадоў заставалася маргінальнай, але неаднаразова прыцягвала ўвагу з-за сваёй ідэалагічнай пазіцыі.