Работнікі шыўной фабрыкі ў Жлобіне зябнуць у цэхах
5- 3.12.2025, 22:03
- 4,912
Сітуацыю не могуць вырашыць гадамі.
Работнікі Жлобінскай шыўной фабрыкі скардзяцца, што ў цэхах афіцыйна ўключылі ацяпленне, але батарэі поўнасцю не запускаюць, «вельмі халодна, людзі працуюць у куртках і пальчатках». «Сільныя Навіны» паспрабавалі праясніць пытанне на прадпрыемстве.
«Усё нямее ад холаду, такое адчуванне, што на вуліцы цяплей, чым тут. У дамове прапісана, што павінны выконвацца ўсе ўмовы для камфортнай працы, паводле нормы тут павінна быць 21 градус, але больш за 10 не падымаецца — і то да абеду, калі людзі надыхаюць», — гавораць супрацоўнікі прадпрыемства.
Што кажа закон?
Згодна з санітарнымі нормамі ў халодны сезон тэмпература не павінна апускацца:
у механічных цэхах — ніжэй за +17 градусаў;
у офісах — ніжэй за +20 градусаў.
Работнікі пастаянна скардзяцца на холад кіраўніцтву, але ў адказ чуюць, што «няма грошай». І такая сітуацыя цягнецца не адзін год. У 2023‑м жлобінцы адкрыта заяўлялі пра праблему ў гарадской супольнасці «Дыялог з уладай», створанай пры падтрымцы мясцовага райвыканкама і якая праіснавала год.

«На шыўной фабрыцы тэмпература ў цэхах 11 градусаў і бывае нават 7, калі вялікія маразы. Як рабочым працаваць у такіх умовах? Трэба разабрацца з гэтай сітуацыяй і стварыць нармальныя ўмовы працы», — пісалі тады жлобінцы.
Яны таксама спрабавалі прыцягнуць увагу да праблемы праз мясцовыя СМІ, аднак, як сцвярджаюць, гэта звычайна дае «эфект на пару гадзін, пакуль іх правяраюць». Сцвярджаецца, што пасля чарговай шуміхі ў навінах і ўвогуле загадалі прыбраць вялікія градуснікі ў цэхах — каб ніхто не здымаў відэа.
«Сільныя Навіны» звярнуліся па тлумачэнні на фабрыку — на працягу дня спрабавалі дазваніцца да дырэктаркі Таццяны Асіпавай, аднак слухаўку ў прыёмнай так і не паднялі. Пры гэтым удалося пагаварыць са спецыялістамі камерцыйнага аддзела і аддзела кадраў, але яны не сталі каментаваць сітуацыю.